Навіны

Дзень у гісторыі. 11 снежня. Міжнародны дзень гор. ВКЛ страціла калонію Табага. У Мінску заснавана першая паліклініка. Дзень памяці паэта Сяргея Грахоўскага

Сусветны дзень дзіцячага тэлебачання (World Children’s Television Day, другая нядзеля снежня, з 1994 года)

Тэма дзіцячага тэлебачання вельмі актуальная ў наш час, магчыма, таму, што мы ўсе выхадцы з дзяцінства. Свята аб’яўлена Дзіцячым фондам ААН (ЮНІСЕФ).

Кожны год, другая нядзеля снежня на ўсіх тэле- і радыёкампаніях свету эфірны час прысвячаецца дзецям і дзіцячым перадачам.

Магчыма, шмат хто з сучасных хлопчыкаў і дзяўчынак у будучыні будзе працаваць на тэлебачанні.

 

Міжнародны дзень танга (International Tango Day). 

Святкуецца ў дзень нараджэння аргенцінскага спевака і кінаакцёра, “Караля танга” Карласа Гардэля (1887-1935). 

Слова “танга” адразу асацыюецца ў нас са словам “запал”. У гэтым танцы ёсць гісторыя кахання і жыцця, выяўленая целам пад музыку. 

Слова “танга” з’явілася значна раней, чым сам танец. Першапачаткова гэтае слова выкарыстоўвалася на адным з Канарскіх астравоў для пазначэння “сходы афрыканцаў для танцаў, для ігры на барабанах”, дарэчы, гэтыя барабаны таксама зваліся “танга”.

Танга нарадзілася ў Буэнас-Айрэсе як танец бедных кварталаў, імігрантаў.

Яно было забаронена ў Германіі і СССР у 1920-1930-я гады.

У Аргенціне ў гэты дзень праводзіцца чэмпіянат свету па танга. Чэмпіянат вельмі ганаровы, і каб патрапіць на яго, пары праходзяць адборачныя туры на сваёй радзіме – у Амерыцы, Еўропе.

 

Міжнародны дзень гор  (International mountain day, з 2003 года). 

Заснаваны ААН. Горы – найпрыгажэйшы твор прыроды. У горных раёнах, якія займаюць каля 22% тэрыторыі сушы, пражываюць каля 1 мільярда чалавек – кожны восьмы жыхар Зямлі. Горы гэта крыніца прэснай вады, карысных выкапней, запаведнік для многіх відаў флоры і фауны, месца адпачынку і турызму. Народы, якія насяляюць горную мясцовасць, часта пакутуюць ад прыродных катастроф.

Міжнародны дзень гор спрыяе прыцягненню ўвагі грамадскасці да надзённых праблем горных раёнаў.

 

1659 год. Курляндыя саступіла галандцам востраў Табага ў Карыбскім моры. 

“Дваранская рэспубліка” Курляндскае герцагства знаходзілася ў леннай залежнасці ад ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Курляндыя, а адпаведна і ВКЛ, мела свае калоніі Табага ў Амерыцы і востраў Джэймс у вусці Гамбіі на Гвінейскім ўзбярэжжы Афрыі.

Табага разам з востравам Трынідад зараз уваходзіць у склад дзяржавы Трынідад і Табага. Востраў плошчай 303 км² належыў Курляндыі ў 1654-1659 гадах пад назвай Новая Курляндыя. Саступлены больш шматлікім галандскім пасяленцам. 

 

1876 год. Нарадзіўся Мечыслаў Карловіч

Беларускі і польскі кампазітар і дырыжор, вядомы сімфанічнымі кампазіцыямі, альпініст, аматар Татраў, фатограф, публіцыст і журналіст.

Нарадзіўся ў Вішнёве (зараз Смаргонскі раён). Жыў, вучыўся і займаўся творчасцю ў Гайдэльбергу, Празе, Дрэздэне, Варшаве, Берліне, Закапанэ.

Аўтар 22 песень і розных аркестравых п’ес, у тым ліку 6 сімфанічных паэм, сімфоній, канцэртаў. Прадстаўнік пост-рамантычнага кірунку. 

Яго імя носяць Шчэцінская філармонія, Дзяржаўны комплекс музычнай школы ў Кракаве. У памяць аб ім ўстаноўлены помнік ў Быдгашчы, каля Паморскай філармоніі.

Загінуў у Татрах пад снежнай лавінай 8 лютага 1909 года падчас адзіночнай паездкі на горных лыжах, каля падножжа Малы Касцёлец. Зараз там стаіць мемарыяльная дошка.

 

1879 год. У Мінску заснавана першая  бясплатная «лякарня для прыходных бедных хворых» – першая мінская «паліклініка».

Адкрылася на сродкі Мінскага таварыства лекараў. Ініцыятар адкрыцця і першы кіраўнік установы – доктар медыцыны, адзін з заснавальнікаў унутраполасцевай хірургіі ў Беларусі Сігізмунд Свянціцкі (1836-1910). Яму дапамагаў Іван Стржалка. Прыём вялі каля 15 урачоў і 10 фельчараў. Установа была закрыта праз недахоп фінансавання ў 1881 годзе.

Фота: Дом доктара Свянціцкага ў Мінску.

 

1920 год. У Беларусі была створана Надзвычайная камісія па ліквідацыі непісьменнасці. 

У ліквідацыі непісьменнасці актыўна ўдзельнічалі культармейцы – асобы, якія ўмеюць пісаць. Імі з’яўляліся рабочыя, інтэлігенцыя, студэнты, навучэнцы. 

Непісьменнасць сярод дарослага насельніцтва ў Беларусі была ў асноўным ліквідавана да 1932 года.

 

1934 год. Нарадзіўся Анатоль Воінаў

Беларускі архітэктар, гісторык архітэктуры, педагог. Кандыдат архітэктуры.

Сын архітэктара Аляксандра Воінава.

Працаваў у інстытуце Белдзяржпраект, дэканам архітэктурнага факультэта Беларускага політэхнічнага інстытута.

Па яго праектах пабудаваны рэстаран «Заслаўе» на Заслаўскім вадасховішчы, будынкі Інстытута матэматыкі, Інстытута фізікі АН БССР, Вылічальнага цэнтра статупраўлення БССР, 120-кватэрныя жылыя дамы ў Светлагорску

Удзельнічаў у распрацоўцы серыі тыпавых праектаў жылых дымоў, праектаванні зон адпачынку ў раёнах возера Нарач і Заслаўскага вадасховішча.

Аўтар і сааўтар прац «Гісторыя архітэктуры Беларусі. Савецкі перыяд», «Жыллёвае будаўніцтва ў БССР», «Архітэктура Савецкай Беларусі».

 

1938 год. Расстраляны НКУС Алесь Сташэўскі. Беларускі палітык.

Удзельнік Першай Сусветнай вайны (падпаручнік), беларускага нацыянальнага руху ў Яраслаўлі, Беларусі.

Дзеяч антыпольскага падполля і партызанскага руху, камандзір роты ў Чырвонай арміі.

Быў сакратаром ЦВК і СНК БССР, старшынёй Полацкага акруговага выканкама, правадніком беларусізацыінародным камісарам унутраных спраў БССР (1926-1928), наркамам юстыцыі і пракурорам БССР (1928-1930).

У канцы 1930 года быў абвінавачаны як удзельнік «антыпартыйнай» групы ІгнатоўскагаЖылуновіча, зняты з высокіх пасад. Працаваў старшынёй Бабруйскага райвыканкама, загадчыкам рабфака БДУ, дырэктарам Гомельскага аграпедагагічнага інстытута.

Арыштаваны ў 1937 годзе, асуджаны да вышэйшай меры пакарання.

 

1946 год. Пры ААН арганізаваны ЮНІСЕФ. 

Дзіцячы фонд (UNICEF, United Nations International Children’s Emergency Fund) – міжнародны надзвычайны фонд дапамогі дзецям ААН. Мэтай фонду было аказанне дапамогі дзецям, якія пацярпелі падчас Другой сусветнай вайны, тэрмін дзеяння фонду быў абмежаваны.

У 1953 годзе ААН пашырыла круг дзейнасці арганізацыі і падоўжыла тэрмін яе паўнамоцтваў на нявызначаны час. Фонд атрымаў новую назву – Дзіцячы фонд ААН з захаваннем абрэвіятуры ЮНІСЕФ. Штаб-кватэра фонду размешчана ў Нью-Ёрку. У 1965 годзе Дзіцячы фонд ААН атрымаў Нобелеўскую прэмію міру.

 

  

2002 год. Памёр Сяргей Грахоўскі

Беларускі паэт, празаік і перакладчык.

Заслужаны работнік культуры.

У дзяцінстве выхоўваўся ў мястэчку Глуск. Працаваў на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце, у Дзяржвыдавецтве БССР, у газетах, часопісах, на Беларускім радыё, выкладчыкам на рабфаку БДУ.

Арыштоўваўся НКУС, МДБ у 1936 і 1947 гадах, пакаранне адбываў у ГУЛАГу, ссылцы.

Аўтар 14 зборнікаў паэзіі, 5 кніг вершаў для дзяцей, у тым ліку «Ад вясны да вясны» (1959), «Знаходка» (1985), апавяданняў «Агеньчык у акне» (1972), кніг нарысаў, апавяданняў, аповесцей,  успамінаў, публіцыстыкі, перакладаў.

Аўтар вядомага верша «Ветразь», дзе не ўжыў ніводнага слова сугучнага з рускімі адпаведнікам:

 

У выраі ветразь знікае

За хваляй, нібы на спачын,

І змора яго не злякае,

Не спыніць тугой далячынь.

У змроку зіхоткая здрада

Завабіць хлуснёй у віры,

На золку сканае прынада

І кволы прамень на жвіры.

Раптоўна згаданыя мроі

У карунках пяшчотнай тугі

Павольна знікаюць, як строі,

У бязважкасці кволай смугі.

Знікае ўсхвалёваны ветразь:

З кунегаю пільна сачу,

Як водар аздобіў паветра,

І ў бездані знічкі лічу.

 

Апошнія навіны

На трасе Мінск-Магілёў легкавушка разбілася аб лася

Рэдкі выпадак аварыі на трасе М4 з удзелам жывёлы адбыўся ноччу 28 красавіка. Жыхар Чэрвенскага раёна, едучы…

29 красавіка, 2024

У Быхаве мужчына прабраўся ў нежылы дом і загінуў на пажары

Трагедыя адбылася вечарам 26 красавіка ў Быхаве на вуліцы Шчорса. Тут загарэўся нежылы дом, а…

29 красавіка, 2024

Кіберпартызаны атрымалі дадзеныя пра 40 000 даносчыкаў КДБ

“Суполка ананімных хактывістаў” паведаміла пра ўзлом сайта КДБ 26 красавіка. Яны заявілі, што афіцыйны сайт…

28 красавіка, 2024

В Польшу со своими гробами – размышления эмигранта

Прочитал в «Фэйсбуке» пост минчанки, которая живет в Польше. Девушка пишет, что ее родственники беспокоятся…

28 красавіка, 2024

В Кричеве ищут директора сельхозпредприятия

Готовы предоставить жилье в центре города и обещают большую зарплату.  Жилье в центре городу и…

28 красавіка, 2024

Мой личный Чернобыль. Трагедия глазами одного человека

Мне кажется, что чернобыльскую беду можно разделить на общую и личную. С одной стороны авария…

26 красавіка, 2024