П’яны на “Porsche” збіў насмерць чалавека, уцякаючы ад ДАІ ў Магілёве

Трагедыя адбылася позна ўвечары 20 сакавіка. П’яны вадзіцель аўтамабіля “Porsche Panamera” зладзіў уцёкі ад машыны ДПС, падчас якіх збіў прыпынак на вуліцы Будаўнікоў, у якім знаходзіўся мужчына. Як паведамляюць у магілёўскіх Тэлеграм-каналах, кіраўца быў п’яным настолькі, што ледзьве мог размаўляць. Мужчына на прыпынку загінуў.

На фота – меркаваны аўтамабіль, за рулём якога знаходзіўся п’яны кіроўца.

Афіцыйная інфармацыя з канала прэс-службы Магілёўскага абласнога УУС: “20 сакавіка ў 22:40 у Магілёве на скрыжаванні праспекта Міра і вуліцы Касманаўтаў экіпаж ДПС падаў патрабаванне аб спыненні вадзіцелю Porsche Panamera, якое ён праігнараваў і ўчыніў пагоню на працягу 1,5 км. На вуліцы Будаўнікоў паблізу дома 14 вадзіцель не справіўся з кіраваннем і выехаў на тратуар, дзе збіў 30-гадовага магілёўца.

Парушальнікам аказаўся нецвярозы 28-гадовы жыхар Магілёўскага раёна. Агляд паказаў наяўнасць 1,3 праміле алкаголю.”

Фота, відэа – Тэлеграм-каналы “ЧП Магілёў”, “ДПС, Магілёў, ДАІ”.

На “Магілёўэнерга” выявілі карупцыйную схему – Дяржкантроль

Прадпрыемства “Магілёўэнерга” разам з “Мінскэнерга” і “Нафтанам” патрапіла пад расследаванне Камітэта дзяржкантроля, які выявіў у дзеяннях вышэйшых чыноўнікаў гэтых арганізацый карупцыйныя схемы.

– Узбуджаны крымінальныя справы па фактах атрымання і дачы хабару ў адносінах да службовых асоб РУП “Мінскэнерга”, РУП “Магілёўэнерга”, ААТ “Нафтан”. – перадае БелТА словы кіраўніка Камітэта дзяржкантроля Васіля Герасімава – Вінаватыя асобы ўзяты пад варту. Падчас вобыскаў у іх канфіскаваны сотні тысяч долараў і еўра, накладзены арышт на дарагія аб’екты нерухомасці і аўтамабілі.

Фота з адкрытых крыніц.

Пьяная злачыннасць вырасла ў Круглянскім раёне на 60%

За 2 месяцы бягучага года злачыннасць асоб ў стане алкагольнага ап’янення ў Круглянскім раёне вырасла на 60%. У гэтым годзе ўчынена 5 злачынстваў, што на 3 злачынствы больш чым за аналагічны перыяд 2022 года – паведамляе раённая газета “Сельскае жыццё”.

На глебе п’янства ўзбуджана 5 крымінальных спраў, з іх 4 – за катаванне членаў сямей, 1 – за пагрозу забойства.

За знаходжанне ў грамадскіх, на працоўных месцах у нецвярозым стане ўжо прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці 52 асобы, яшчэ 3 прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за выраб самагонкі і самагоннай брагі.

Асуджана да ізаляцыі ва ўмовах лячэбна-працоўнага прафілакторыя 8 хранічных алкаголікаў, якія сістэматычна парушалі грамадскі парадак і правы іншых грамадзян.

Органы кіравання, міліцыя, простыя грамадзяне прызнаюць, што алкагалізацыя насельніцтва працягваецца, усё больш і больш людзі рознага ўзросту заахвочваюцца спіртными напоямі, у выніку чаго здзяйсняюцца злачынствы і правапарушэнні, колькасць якіх павялічваецца.

Дарэчы, некалькі год таму назад Беларусь займала 1-е месца сярод самых пітушчых краін. ТОП-20 у 2022 годзе ўзначальвалі Малдова, Літва, Чэхія, Нігерыя, Германія, на 16-м месцы была Расія, на 18-м – Польшча, Беларусь аказалася на 28, а Украіна – на 61. Наогул не ўжываюць алкаголь толькі ў пяці краінах – Бангладэш, Кувейт, Лівія, Маўрытанія і Самалі.

Фота з адкрытых крыніц, мае ілюстрацыйны характар

Крычаўскія камунальшчыкі знеслі будынак і пакінулі горы смецця

Мясцовыя жыхары абураныя – пасля зносу будынка на вуліцы Вакзальнай “Камунальнік” пакінуў будаўнічыя адыходы.

Цяпер горы перавернутай зямлі ляжаць уздоўж дарогі па вуліцы, а ззаду хаваецца куча са смеццем, шыферам і іншымі адыходамі. Прычым засмечаная тэрыторыя знаходзіцца побач з жылымі дамамі на Вакзальнай, што стварае нязручнасці жыхарам вуліцы.

Мясцовыя жыхары баяцца адпускаць дзяцей на засмечаны ўчастак з-за пэўнай небяспекі траўмавання. Яны дабіваюцца таго, каб адказнасць за знос жылога будынка ўзяла на сябе камунальнае прадпрыемства Крычава і адпаведна навяло парадак на засмечанай тэрыторыі – піша газета “Крычаўскае жыццё”.

Фота: krichevlive.by

Запрацавала платная паркоўка ў цэнтры Магілёва

На вуліцы Міронава і бульвары Леніна ў Магілёве былі абноўлены інфармацыйныя стэнды і пачаўся перыяд платнай паркоўкі на ўзбочынах і тратуарах гэтых вуліц.

Нагадаем, што ў 2022 годзе сістэма платнай паркоўкі тут працавала ў тэставым рэжыме. Цяпер жа тарыф на першую гадзіну складае 1 рубель, а на кожную наступную 50 капеек. Аплата бярэцца за паркоўку з 8.00 да 18.00 у буднія дні.

Варта адзначыць, што новыя інфармацыйныя стэнды відавочна недапрацаваныя. Так, адсутнічае QR-код у адпаведным вакенцы, у тэксце дапушчана шмат памылак.

Магілёў стаў першым абласным цэнтрам, у якім рэалізаваная падобная сістэма аплаты за паркоўку. Раней падобную навацыю адпрацавалі ў Мінску.

Фота: mogilev.media

Мядзведзеў пагражае ракетным ударам па суду ў Гаазе

Намеснік старшыні Савета бяспекі Дзмітрый Мядзведзеў апублікаваў у тэлеграм-канале паведамленне з пагрозай прымяніць кропкавы ўдар гіпергукавой ракеты па будынку суда ў Гаазе ў адказ на выдачу міжнародным судом ордэра на арышт Пуціна.

Па словах Мядзведзева, Міжнародны крымінальны суд дарэмна “паднімае руку на найбуйнейшую ядзерную дзяржаву”. І далей ён празрыста намякнуў, што адна з гіпергукавых ракет Расіі можа кропкава ўдарыць па будынку суда ў Гаазе.

– Суддзі МУС раздухарыліся дарма. Глядзіце, маўляў, мы адважныя, не аб…ся падняць руку на найбуйную ядзерную дзяржаву. Нажаль, спадары, усе ходзяць пад Богам і ракетамі. – напісаў у сваім канале Дзмітрый Мядзведзеў.

Рамонт на Камсамольскай, ордэр на арышт Пуціна і стрэлы ў Гродна – дайджэст мінулага тыдня

Самай гучнай міжнароднай навіной мінулага тыдня стала інфармацыя пра тое, што за злачынствы супраць украінскіх дзяцей Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт Пуціна.

Падзеяй тыдня на Беларусі стала інфармацыя пра забойства ў Гродна “замежніка, які планаваў тэрарыстычны акт” і нібыта адстрэльваўся і кідаў гранаты ў спецназ КДБ.

Магілёў на мінулым тыдні пачаў жыць крыху па-новаму – тут перакрылі вуліцу Камсамольскую на рамонт, з-за чаго ў горадзе пачала дзейнічаць іншая схема грамадскага транспарту.

Рамонт Камсамольскай вуліцы пры гэтым падараваў магілёўцам турыстычную цікавостку – адкрыўся выкшталцоны дарэвалюцыйны брук.

У Магілёве адбылася жуткаватая аварыя – ад удару таксі вылецела на тратуар. Мы сабралі поўнае відэа з розных крыніц.

У магілёўскім інтэрнаце па вуліцы Куцепава паскардзіліся на жахлівыя ўмовы – кішыць тараканамі і завоблачная камуналка.

У Магілёве і Магілёўскім раёне абвясцілі водную амністыю.

БелАЗ прыняў рашэнне сур’ёзна ўкласца ў развіццё вытворчасці на магілёўскім заводзе імя Кірава.

На мінулым тыдні стала вядома, колькі дарог адрамантуюць у Магілёўскім раёне за год – 2%.

У цэнтры Горак цалкам высеклі бярозавы гай, бо людзям перашкаджалі птушкі.

На мінулым тыдні старшакласнікаў і навучэнцаў каледжаў вазілі на стрэльбы пад Асіповічамі і ў магілёўскую турму для выхавання. 

Пад Асіповічамі была зафіксавана найбуйнейшая папуляцыя зуброў у рэгіёне.

У магілёўскім заасадзе прэзентавалі новых жывёл і абвясцілі пра вялікую рэканструкцыю.

Прыгажуні на конкурсе “Міс Крычаўцэментнашыфер” разарвалі TikTok.

Славутыя літоўскія шакоцісы былі заўважаныя ў адной з гандлёвых сетак на Магілёўшчыне.

А наогул на Беларусі пачалася вясна і прачнуліся кляшчы.

Фота: mogilev.media

Адкрыта паляванне на глушцоў і цецярукоў

Сезон палявання на самцоў глушца і цецярука адкрыўся ў Беларусі з сённяшняга дня і працягнецца да 10 мая, паведамляе Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў.

З 20 сакавіка па 10 мая дазволена паляванне на самцоў глушца і цецярука толькі ў перыяд з 3 гадзін ночы да 9 гадзін раніцы ва ўсе дні тыдня. Для палявання трэба мець дазвол карыстальніка паляўнічых угоддзяў, набыць пуцёўку  і дазвол на здабычу.

Дазволены спосаб палявання – ружэйны на таку з падыходу і з засады. Можна выкарыстоўваць наразную і гладкаствольную паляўнічую зброю з ужываннем патронаў са шротам, паляўнічыя лукі і арбалеты.

Акрамя таго, дазволена здабыча асобін любога полу і ўзросту белалобай гусі, гусі-гуменні, шэрай гусі і казаркі канадскай, баклана, шызага голуба, шэрай чаплі, белай вялікай чаплі. У гэты ж час здабычы падлягаюць толькі качары крыжанкі, свіязі, гогаля, шыраканоскі, чарнеці чубатай, чырка-свістунка і чырка-траскунка, качкі шэрай. 

Паляванне праводзіцца ў ранішнія і вячэрнія гадзіны, за выключэннем прамежку часу з 12 да 18 гадзін.

З 18 сакавіка па 14 мая дазволена паляванне на самцоў слонка (вальдшнэп) на цязе. Дазволены час палявання – з 18 да 22 гадзін.

У сакавіку працягваецца паляванне на кабана, бабра, выдру, ваўка, лісіцу, янотападобнага сабаку, варону шэрую, сароку.

Фота з адкрытых крыніц

У Эквадоры адбыўся землятрус магнітудай 6,9. Мінімум 14 чалавек загінула і 380 паранена

Эквадор ускалыхнуў магутны землятрус.  Штуршкі адчуваліся па ўсім рэгіёне і ў суседнім Перу. Ён адбыўся ва ўзбярэжным рэгіёне Гуаяс, пасля чаго паследавалі два афтэршокі магнітудай менш за 4,8. Эпіцэнтр землятрусу знаходзіўся за 80 км на поўдзень ад Гуаякіля, другога па велічыні горада Эквадора.

Паводле кампутарных мадэляў Геалагічнай службы ЗША, землятрус маглі адчуць да 13,5 мільёна чалавек, у тым ліку 5,1 мільёна адчулі падземныя штуршкі як “моцныя” ці “вельмі моцныя”.

Камунікацыйнае агенцтва прэзідэнта ЗША паведаміла, што падчас землятрусу загінулі 14 чалавек. Яшчэ больш за 380 атрымалі раненні, у асноўным у правінцыі Эль-Ора – паведамляе 24tv.ua. Яшчэ адзін чалавек загінуў у правінцыі Асуай, калі сцяна ўпала на аўтамабіль.

Агенцтва таксама адзначыла, што сама меней 44 дамы былі разбураныя, яшчэ 90 – пашкоджаныя. Акрамя таго, пацярпелі каля 50 навучальных устаноў і больш за 30 медыцынскіх цэнтраў, а шматлікія дарогі былі заблакіраваны апоўзнямі, выкліканымі землетрасеннем. Аэрапорт Санта-Роза атрымаў нязначныя пашкоджанні, нафтавая кампанія Petroecuador эвакуявала і прыпыніла дзейнасць на некалькіх аб’ектах.

Фота з адкрытых крыніц

У новым сезоне Вышэйшай лігі па футболе “Белшына” стартавала з паражэння

У гасцявым матчы бабруйская каманда мінімальна прайграла футбольнаму клубу “Смаргонь” 1:0. Матч адбыўся 19 сакавіка ў Смаргоні.

“Белшына” – адзіная каманда з Магілёўшчыны, што захавала прапіску ў Вышэйшай лізе чэмпіяната краіны па футболе па выніках мінулага сезона. Магілёўскі “Днепр” на працягу ўсяго мінулага года так і не здолеў падняцца з апошняга радка турнірнай табліцы і перайшоў у Першую лігу. Для магілёўскай каманды сезон пачнецца 2 красвіка хатняй гульнёй супраць “Оршы”.

Вышэйшая ліга стартавала на мінулых выхадных і працягнецца для бабруйскай каманды да 3 снежня. 

Фота: fcbelshina.by