У Крычаве асудзілі дырэктара за фіктыўную выдачу малака

Два гады пазбаўлення волі і штраф далі дырэктару “Крычаўрайаграпрамтэхснаба”. 

Пракуратура Крычаўскага раёна падтрымала ў судзе дзяржаўнае абвінавачанне ў дачыненні да дырэктара ААТ «Крычаўрайаграпрамтэхснаб». Ему інкрымінавана злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі – піша газета “Крычаўскае жыццё”.

У ходзе судовага следства ўстаноўлена, што каб схаваць невыкананне паказчыкаў па валавой вытворчасці малака і яго рэалізацыі, з верасня 2021 года па жнівень 2022 года дырэктар свядома даваў незаконныя загады сваім падначаленым – фіктыўна выпісваць работнікам прадпрыемства малако ў лік зарплаты.

У выніку дзеянняў дырэктара прадпрыемству нанесена маёмасная шкода. Пры гэтым з зарплаты работнікаў незаконна ўтрыманы кошт малака ў суме звыш 500 рублёў.

Суд Крычаўскага раёна прыгаварыў былога дырэктара сельгаспрапрыемства да пазбаўлення волі на два гады і штрафа у памеры 300 базавых велічыняў (11,1 тыс. рублей) з адтэрміноўкай выканання пакарання ў два гады. 

Акрамя таго, былы кіраўнік прадпрыемства пазбаўленны права займаць пасады, звязаныя з арганізацыйна-распарадчымі і адміністрацыйна-гаспадарчымі абавязкамі на 5 гадоў.

Фота ілюстратыўнае 

Выбухі каля Асіповічаў ізноў грымелі ўчора і будуць працягвацца да канца года

На вучэбнай пляцоўцы палігона “Асіповіцкі” з 20 сакавіка па 31 снежня 2023 г., у тым ліку ў начны час у выхадныя і святочныя дні, будуць праводзіцца баявыя стрэльбы падраздзяленняў узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, што ўсхвалявала мясцовых жыхароў. 

Стрэльбы на палігоне праводзяцца як днём, так і ўначы. Пасля стрэльбаў заўжды застаюцца неспрацаваўшыя выбуховыя прадметы. Да таго ж, часам ракеты і снарады мяняюць траекторыю або ў выніку памылак вылятаюць за межы палігона. Таму, несанкцыянаванае пранікненне на тэрыторыю палігона ў гэты перыяд можа стаць смяротным, папярэджвае сайт газеты “Асіповіцкі край”. 

Тэрыторыя трэніровачнай пляцоўкі Асіповіцкага палігона – гэта небяспечная зона. На ёй могуць знаходзіцца выбуховыя элементы ракет і боепрыпасаў. Наведванне палігона для збору грыбоў, ягад, лекавых раслін, металалому ці ў іншых мэтах можа ператварыцца ў трагедыю. 

Пры знаходцы падазроных аб’ектаў забаронена дакранацца да выяўленых выбуховых прадметаў: снарадаў, мін, гранат, бомбаў, дэтанатараў і іншых прадметаў. У выпадку выяўлення любога аб’екта, нават знешне падобнага на выбуховы, трэба абгарадзіць месца яго знаходжання і ўсталяваць прыкметныя знакі з адпаведнымі надпісамі, якія папярэджваюць пра небяспеку: напрыклад, “Небяспечна, міна!” альбо “Не дакранацца, гэта небяспечна!” Затым трэба неадкладна паведаміць пра знаходку выбуховага аб’екту ў вайсковую частку 12147 альбо супрацоўнікам Міністэрства ўнутраных спраў.

Улады нагадваюць, што артыкул 295 Крымінальнага кодэкса краіны за незаконныя дзеянні з агнястрэльнай зброяй, боепрыпасамі і выбуховымі рэчывамі прадугледжвае адказнасць – ад папраўчых прац да 7 гадоў пазбаўлення волі.

Фота: “Асіповіцкі край”

Пад стаянку аўтамабіляў знішчылі частку Фацінскага бульвара ў Магілёве

Чарговы акт гарадскога вандалізму адбыўся ў Магілёве – замест таго, каб прывесці ў парадак бульвар паміж вуліцамі Фаціна і Маўчанскага, яго пачалі знішчаць.

Саджаць, а потым выразаць зялёныя насаджэнні стала магілёўскай традыцыяй. Напачатку гарадская архітэктура пакідае месцы для зялёных зон, без якіх горад задыхнецца. Потым зелянгас садзіць дрэвы, а ўжо затым будаўнікі і камунальнікі іх знішчаюць. Усе пры справе, і ніхто ні за што не адказвае. А тое, што марнуюцца грошы гараджан, што сонечнаму пыльнаму Задняпроўю і так не хапае зеляніны, падобна мала каго цікавіць.

У 1980-я гады быў пабудаваны новы мікрараён на вуліцы Фаціна. Паміж вуліцай Маўчанскага і Фаціна пакінулі месца для будучага бульвара, а на саміх вуліцах – месцы для будучых прыгожых дамоў па індывідуальных праектах.

Бульвар, трэба прызнаць, доўга заставаўся пусткай, бо то перабудова, то СССР разваліўся, то крызісы заміналі яго добраўпарадкаванню… Але гадоў 15 таму бульвар пачалі засаджваць дрэвамі, праклалі першыя дарожкі. Гадоў пяць таму дрэвы пачалі мажнець, і здавалася, яшчэ крыху і нарэшце савецкі план утварэння зялёнага бульвара будзе рэалізаваны.

Але горад паціху ўшчыльняўся. Вось і дом па адрэсе Маўчанскага, 61 павінен быў прыкрыць яшчэ савецкую пустку і завяршыць лінію забудовы вуліцы. І ўсе б радаваліся, каб у галовах гораданачальнікаў на першым месцы былі людзі, а не машыны. Новыя гарадскія ўлады нічога лепшага не прыдумалі, чым даць дазвол арганізаваць стаянку аўтамабіляў для жыльцоў дома прама пасярод бульвара.

Забудова бульвара не мела належнага рэзанансу на стадыі абмеркавання, бо ў 2020 – 2022 гадах у Магілёве практычна не засталося эклагічных і ўрбаністычных грамадскіх арганізацый і актывістаў. Большасць эколагаў цяпер з’ехалі ў іншыя краіны, а тыя, што засталіся, не наважваюцца падымаць свой голас у абарону прыроды і гараджан. А БРСМ і іншыя афіцыйныя арганізацыі лічаць за лепшае не крытыкаваць уладныя структуры.

Вось так, у Магілёве працягваюць займацца добраўпарадкаваннем такім чынам, што ўвесь час узнікаюць новыя праблемы і балявыя кропкі. Менавіта гэта адбываецца на нашых вачах у мікрараёне Фаціна, дзе знішчаецца магчымасць стварэння аднаго з лепшых у горадзе бульвараў.

Фота: mogilev.media

З’явіўся першы афіцыйны каментарый пра забойства спецназам КДБ замежніка ў Гродна

На другія суткі пасля страляніны ў Гродна, калі афіцыйным інфармацыйным агенцтвам БелТА было абвешчана пра знішчэнне чалавека, які рыхтаваў тэрарыстычную атаку, паявіўся першы публічны каментарый падзеі. Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з сілавікамі даў наступную характарыстыку: “Спецслужбы спрацавалі бліскуча. Канфіскаваны цэлы арсенал зброі і выбухоўкі, які прызначаўся для
“гучных” тэрактаў у дачыненні да грамадзян і службовых асоб дзяржаўных органаў.” – піша яго прэс-служба.

Іншых каментарыяў і падрабязнасцяў здарэння няма ўжо другія суткі. Некаторыя СМІ паведамляюць, што паводле іх інфармацыі забіты чалавек быў грамадзянінам адной з краін ЕС, але пацвярджэнняў альбо абвяржэнняў гэтага няма.

Проня і Бесядзь выйшлі з берагоў, ёсць затапленні дарог у трох раёнах

Уздым узроўню вады ў рэках Проня і Бесядзь прывёў да падтаплення трох участкаў дарог і трох аўтамабільных мастоў у Слаўгарадскім, Хоцімскім і Чавускім раёнах Магілёўскай вобласці – паведамляе прэс-служба МНС. Працягласць максімальна падтопленага ўчастка – 70 метраў, максімальны ўзровень вады 20 сантыметраў.  Адзначаецца, што жыццезабеспячэнне насельніцтва не парушана.

На фота: Бесядзь, ілюстрацыйна

У Бабруйску затрымалі двух братоў-наркакур’ераў

Наркакантроль затрымаў дваіх родных братоў 33 і 39 гадоў, што працавалі на інтэрнэт-наркашоп.

Пачынаючы са снежня мінулага года яны, атрымлівалі аптовымі партыямі сінтэтычны наркотык, затым у здымнай кватэры фасавалі на больш дробныя часткі і раскладвалі па тайніках у розных гарадах вобласці – паведамляе прэс-служба абласнога УУС.

У братоў дома канфіскавана больш за 3,7 кг розных відаў асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў. Затрыманым пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі.

Фота: Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС

Магілёўшчына – лідар па захворванню на сухоты

Да Сусветнага дня барацьбы з сухотамі 24 сакавіка, Магілёўскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, апублікаваў дадзеныя па гэтаму захворванню. 

Спецыялісты Цэнтра канстатуюць, што найбольш высокі ўзровень захворвання на сухоты  адзначаецца ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях. Ён перавышае сярэднерэспубліканскі паказчык. Пры гэтым, канкрэтных актуалізаваных дадзеных па захворваемасці Цэнтр не прыводзіць. 

Вядома, што ў дакавідны перыяд, паводле дадзеных за 2018 год паказчык захворваемасці складаў 24 чалавекі на 100 000 насельніцтва, тады было выяўлена 259 новых хворых (гэта дадаткова 2,4, або 10%, на 100 000), з якіх трое – дзеці. Найбольш праблемнымі ў той год былі Слаўгарадскі, Чэрыкаўскі і Касцюковіцкі раёны. 

Па стану на 2023 год смяротнасць ад сухотаў у Магілёўскай вобласці за апошнія 10 гадоў знізілася на 84% і склала 1,2 на 100 000 жыхароў (у 2018 годзе – 2,9 на 100 тыс. жыхароў). 

Сухоты, якія вядомы са старажытнасці, застаюцца адной з вядучых прычын смяротнасці ад інфекцыйных хвароб у свеце. 

Нягледзячы на вялікія поспехі медыцыны ў дыягностыцы і лячэнні, хвароба займае 1-е месца па смяротнасці сярод інфекцыйных захворванняў. 

Прагназуецца, што ў выніку пандэміі COVID-19 істотна вырасце захворванне і смяротнасць ад сухотаў. Смяротнасць можа павялічыцца на 13%, што можа даць у свеце дадатковыя 1 400 000 ахвяр у 2022-2025 гадах.

Фота  з адкрытых крыніц.

Паліва ў Беларусі трэці раз таннее на капейку

21 сакавіка трэці  раз за месяц і трэці раз за бягучы год мяняецца рознічны кошт на аўтамабільнае паліва на аўтазапраўках краіны. Паліва таннее на 1 капейку – паведамляе “Белнафтахім”. 

Кошт аўтамабільнага бензіну складзе: АІ-92-К5-Еўра – 2,33 рублі, АІ-95-К5-Еўра – 2,43, АІ-98-К5-Еўра – 2,65, дызельнае паліва  2,43 рублі.

Перад гэтым паліва таннела 7, 14 сакавіка.

Фота мае ілюстрацыйны характар

Дзень у гісторыі. 21 сакавіка. Дзень раўнадзенства. Вывяржэнне Эяф’ядлаёкюдль. Нарадзіліся класік літаратуры Ф. Багушэвіч, мітрапаліт Філарэт, фізік А. Патупа. Памёр паэт-песеннік А. Русак.

Сусветны дзень паэзіі (World Poetry Day, з 1999 года).

Устаноўлены ЮНЕСКА.

Паэзія аб’ядноўвае краіны, народы, культуры і дапамагае людзям зразумець адзін аднаго. На працягу стагоддзяў думкі і пачуцці, надзеленыя ў паэтычную форму, пранікаюць у сэрцы людзей, нагадваючы, што мы ўсе адна вялікая сям’я і што мы, такія розныя, насамрэч вельмі падобныя.

Асноўная мэта Дня паэзіі заключаецца ў падтрымцы моўнай разнастайнасці сродкамі паэтычнага самавыяўлення. Гэты дзень закліканы садзейнічаць развіццю паэзіі, вяртанню да вуснай традыцыі паэтычных чытанняў, выкладанню паэзіі, аднаўленню дыялогу паміж паэзіяй і іншымі відамі мастацтва, даць магчымасць маладым талентам заявіць аб сабе.

У гэты дзень таленавітым аўтарам прысуджаюць узнагароды, уручаюць прэміі. Праводзяцца літаратурныя чытанні. Праводзяцца прэзентацыі кніг, паэтычныя вечары.

У навучальных установах ладзяцца тэматычныя вечары. Навучэнцы выступаюць з дакладамі аб жыцці літаратурных дзеячаў, чытаюць на памяць рыфмаваныя радкі.

Міжнародны дзень лялечніка (International Puppetry Day, з 2003 года).

Лялечны тэатр любяць гледачы ўсіх узростаў. Мова лялек універсальная, яе разумеюць без слоў жыхары ўсіх кантынентаў і краін. Лялькі выступаюць сёння не толькі на сцэне, але і на экранах. Мастацтва артыстаў лялечнікаў, нажаль, амаль заўсёды ананімна.

Ініцыятарам прафесійнага свята выступіў вядомы іранскі тэатральны дзеяч Джывад Золфагарыха. У 2000 годзе на XVIII Кангрэсе Міжнароднага саюза дзеячаў тэатра лялек у Магдэбургу ён вынес дадзеную прапанову на абмеркаванне. Дзень зацверджаны ў 2003 годзе.

Дзень лялечніка – выдатная нагода для правядзення лялечных фестываляў, на якія з’язджаюцца лепшыя артысты жанру з усёй планеты, каб паказаць калегам і гледачам новыя творчыя знаходкі. І натуральна, прыхільнікі лялечнага тэатра заўсёды 21 сакавіка прыходзяць павіншаваць акцёраў.

У Беларусі працуюць лялечныя тэатры ў Мінску, Віцебску, Брэсце, Гомелі, Гродна, Магілёве, Докшыцкая батлейка Патупчыка, Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка».

Дзень Зямлі (Earth Day)

Назва, якая выкарыстоўваецца ў дачыненні да розных мерапрыемстваў, якія праводзяцца ўвесну і закліканы заахвоціць людзей быць больш уважлівымі да далікатнага навакольнага асяроддзя на планеце Зямля. Сімвалам дня з’яўляецца зялёная грэчаская літара Θ на белым фоне.

Дні Зямлі праводзяцца ў сакавіку, на дзень вясновага раўнадзенства і 22 красавіка.

Дзень Сусветнага раўнадзенства ў 2023 годзе прыпаў на 21 сакавіка. Раўнадзенства па Мінску фіксуецца а 05:24:21. Натуральны год для планеты доўжыцца не 365 сутак, а 365,24, таму дата заўсёды крыху зрушваецца і надыходзіць крыху раней ці пазней.

1562 год. Гомель атрымаў Магдэбургскае права і  герб “у чырвоным полі сярэбраны кавалерскі крыж”.

Горад бярэ пачатак ад 1142 года як цэнтр радзімічаў. Уваходзіў у ВКЛ (1335–1772), меў замак, быў цэнтрам староства. Пад час знаходжання ў Расійскай імперыі – павятовы цэнтр Магілёўскай губерні. 

У 1919–1926 гадах быў у складзе РСФСР. Цэнтр вобласці ад 1938 года. 

Моцна пацярпеў ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. 

Зараз – другі ў краіне па насельніцтву (504 тысячы чалавек), адзін з самых зяленых, буйны культурны, прамысловы цэнтр. Працуюць знакамітыя сваёй прадукцыяй заводы і фабрыкі “Гомсельмаш”, ліцейны,  хімічны, шпалерны, «Камінтэрн», кандытарская «Спартак». Дзейнічаюць цырк, 3 тэатры, 7 вну, палацава-паркавы ансамбль Румянцавых-Паскевічаў.

1840 год. Нарадзіўся Францішак Багушэвіч.

Беларускі грамадскі дзеяч, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, яе класік.

Яго літаратурная творчасць і грамадская дзейнасць стала падмуркам ідэалогіі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху пачатку XX стагоддзя.

Карыстаўся псеўданімамі Мацей Бурачок, Сымон Рэўка з-пад Барысава.

Скончыў Віленскай гімназію. Выключаны з Пецярбургскага ўніверсітэта за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях. Актыўны ўдзельнік паўстання 1863-1864 гадоў, быў паранены ў баі ў Аўгустоўскіх лясах.

Служыў Чарнігаве, на  Сумшчыне, у Валагодскай губерні, Вільні ў судовых палатах.

Пасля звальнення са службы ў 1898 годзе жыў у Кушлянах (цяпер Смаргонскі раён), дзе і памёр.

Аўтар вершаў, апавяданняў, баек  на польскай, беларускай мове, публіцыстычных артыкулаў, зборнікаў «Дудка беларуская», «Смык беларускі», «Скрыпачка беларуская» і «Беларускія апавяданні Бурачка».

У яго творчасці таленавіта спалучаны гісторыка-філасофскае і мастацкае асэнсаванне лёсу беларускага народа, моцныя матывы нацыянальнага адраджэння.

Творчасць Багушэвіча ў значнай ступені садзейнічала працэсу развіцця беларускай мовы.

Пры жыцці яго творы ў Расійская імперыі былі забаронены. Яны выдадзены асобнымі кнігамі і лістоўкамі ў час рэвалюцыі 1905-1907 гадоў, аднак у 1908 на іх накладзены арышт.

У БССР былі ўпершыню выдадзены ў 1922 годзе («Дудка беларуская»). Аднак у 1930-я гады ў БССР творчасць Багушэвіча была абвешчана буржуазна-кулацкай, нацыяналістычнай, да 1940 года яго кнігі не друкаваліся. 

3 чэрвеня 1937 года Галоўліт БССР выдаў загад № 33, згодна з якім усе выданні твораў Францішка Багушэвіча павінны былі спальвацца.

Памёр 15 красавіка 1900 года.

1935 год. Нарадзіўся  Філарэт (Кірыл Вахрамееў).

Праваслаўны царкоўны дзеяч Беларусі, іерарх Рускай праваслаўнай царквы, прадстаяцель Беларускай Праваслаўнай Царквы, мітрапаліт, патрыяршы экзарх усяе Беларусі (1989–2013). Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР і Вярхоўнага Савета Беларусі (1990–1995). Герой Беларусі, кавалер Ордэна Ф. Скарыны.

Прыняў манаства ў 1959 годзе. З 1978 года служыў на Беларусі. Падчас дэпутатства апекаваўся праграмамі дапамогі ахвярам Чарнобыльскай катастрофы.

З 1989 года займаўся стварэннем і разбудовай Беларускай Праваслаўнай Царквы, пры ім былі адроджаны ўсе гістарычна існаваўшыя епархіі, аднавілі дзейнасць мужчынскія і жаночыя манастыры, брацтвы і сястрыцтвы, Мінская духоўная семінарыя, былі заснаваны Мінская духоўная акадэмія, духоўнае вучылішча, школа катэхізатараў, адноўлены  Крыж Еўфрасінні Полацкай. 

Па яго ініцыятыве ў царкоўны каляндар унесена новае свята «Сабор Беларускіх святых» і ўстаноўлены агульнацаркоўныя святы ўсіх беларускіх святых, сярод якіх імёны прападобнай Еўфрасінні Полацкай, свяціцеляў Кірылы Тураўскага, Георгія Каніскага і іншых. 

Арганізаваў пераклад кніг Свяшчэннага Пісання на сучасную беларускую мову.

Памёр 12 студзеня 2021 года. Пахаваны ў Жыровіцкім манастыры.

1945 год. Нарадзіўся Аляксандр Патупа.

Савецкі, беларускі фізік, філосаф, пісьменнік, папулярызатар навукі.

Скончыў фізічны факультэт МДУ імя М. В. Ламаносава. Кандыдат фізіка-матэматычных навук, доктар філасофіі, прафесар.

Працаваў у Інстытуце фізікі АН БССР, БДУ, дырэктарам Цэнтра даследаванняў будучыні.

Аўтар прац у вобласці квантавай тэорыі, фізікі высокіх энергій, касмалогіі, электрадынамікі, праблем прагназавання, сацыялогіі, паліталогіі, эканомікі, права, мастацкіх кнігі «Фантакрим-CCI», «Ловушка в цейтноте», «Нечто невообразимое», больш за 300 артыкулаў публіцыстыкі.

Арганізатар і генеральны дырэктар выдавецка-паліграфічнай кампаніі «Эридан», найстарэйшага прыватнага выдавецтва Беларусі.

З’яўляўся старшынёй Назіральнага камітэта Беларускай Праваабарончай Канвенцыі і Назіральнага Сойма «Хельсінкі-CCI», прэзідэнтам Беларускага Саюза прадпрымальнікаў, віцэ-старшынёй Беларускай Канфедэрацыі прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў і удзельнікам шматлікіх грамадскіх арганізацый і ініцыятыў 3-га сектара.

Памёр 1 чэрвеня 2009 года.

1959 год. Памёр Павел Растаргуеў (1881–1959).

Беларускі мовазнаўца. Правадзейны член Інбелкульта, доктар філалагічных навук, прафесар.

У 1918 г. чытаў курс лекцый беларускай мовы ў Беларускім народным універсітэце ў Маскве. Вывучаў беларускія гаворкі, гаворкі расійска-беларуска-ўкраінскага памежжа, праблемы беларускай літаратурнай мовы.

У 1934 годзе арыштаваны ДПУ, асуджаны, высланы ў Караганду.

Пасля Другой сусветнай вайны, у 1947-1948 гадах па запрашэнні Якуба Коласа працаваў у Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР.

1987 год. Памёр Адам Русак (1904-1987).

Беларускі паэт-песеннік. Заслужаны дзеяч культуры.

Скончыў Беларускі музычны тэхнікум  і Ленінградскую кансерваторыю.

Быў салістам аркестра Ленінградскага Малога опернага тэатра, Белдзяржфілармоніі.

Аўтар вершаў,  вершаў для дзяцей, больш за 10 зборнікаў паэзіі. 

На тэксты яго вершаў напісана каля 300 песень. З іх найбольш вядомымі сталі песні: «Бывайце здаровы», «Лясная песня», «Толькі з табою», «Не шукай», «Не за вочы чорныя», «Як правёў мяне Цімох».

2010 год. Пачалося буйное вывяржэнне вулкана Эяф’ядлаёкюдль на Ісландыі.

Вывяржэнне прывяло да закрыцця паветранай прасторы часткі Еўропы і адмены авіярэйсаў у сакавіку – красавіку 2010 года. Вулкан лічыўся нядзейсным, бо папярэдняе вывяржэнне было зарэгістравана ў 1821 годзе.

Вышыня вулкана 1666 м, дыяметр кратара – каля 4 км. Знаходзіцца за 200 км на ўсход ад Рэйк’явіка.

П’яны на “Porsche” збіў насмерць чалавека, уцякаючы ад ДАІ ў Магілёве

Трагедыя адбылася позна ўвечары 20 сакавіка. П’яны вадзіцель аўтамабіля “Porsche Panamera” зладзіў уцёкі ад машыны ДПС, падчас якіх збіў прыпынак на вуліцы Будаўнікоў, у якім знаходзіўся мужчына. Як паведамляюць у магілёўскіх Тэлеграм-каналах, кіраўца быў п’яным настолькі, што ледзьве мог размаўляць. Мужчына на прыпынку загінуў.

На фота – меркаваны аўтамабіль, за рулём якога знаходзіўся п’яны кіроўца.

Афіцыйная інфармацыя з канала прэс-службы Магілёўскага абласнога УУС: “20 сакавіка ў 22:40 у Магілёве на скрыжаванні праспекта Міра і вуліцы Касманаўтаў экіпаж ДПС падаў патрабаванне аб спыненні вадзіцелю Porsche Panamera, якое ён праігнараваў і ўчыніў пагоню на працягу 1,5 км. На вуліцы Будаўнікоў паблізу дома 14 вадзіцель не справіўся з кіраваннем і выехаў на тратуар, дзе збіў 30-гадовага магілёўца.

Парушальнікам аказаўся нецвярозы 28-гадовы жыхар Магілёўскага раёна. Агляд паказаў наяўнасць 1,3 праміле алкаголю.”

Фота, відэа – Тэлеграм-каналы “ЧП Магілёў”, “ДПС, Магілёў, ДАІ”.