У Расіі заўважылі эшалоны з танкамі Т-54/55. Старэйшыя за іх – толькі Т-34

У сацыяльных сетках і месенджарах расійскага сегмента інтэрнэт паявілася відэа з эшалонамі танкаў Т-54/55. Паведамляецца, што яно знята ў Расійскай Федэрацыі, у горадзе Арсеньеў Прыморскага краю, а транспарт з раскансерваванай ваеннай тэхнікай рухаецца на захад. 

Танк Т-54/55 – гэта агульнапрынятая назва двух пакаленняў савецкіх танкаў, распрацоўка якіх пачалася адразу пасля Другой Сусвенай вайны, а серыйны выпуск і прыняцце на ўзбраенне самых ранніх экзэмпляраў адбываліся ў 1946 і 1947 гадах. Папярэднікамі гэтага танка ў масавым прымяненні на франтах вайны былі танкі пакалення “34” – уласна Т-34 і Т-34-85. 

Танк дадзенай серыі выпускаўся масава да 1979 года і дагэтуль знаходзіцца на баявым дзежураванні шматлікіх краін – у асноўным трэцяга – свету. У беларускай арміі танк Т-54/55 зняты з узбраення.

Інфармацыя пра магчымую раскансервацыю і перавод у заходнія рэгіёны Расіі такіх старых танкаў шмат гаворыць пра праблемы з тэхнічным забеспячэннем расійскай арміі на вайне ва Украіне.

Фота з адкрытых крыніц.

Брукаванку, што цудам захавалася на Камсамольскай у Магілёве, прыбралі цалкам

Як паведамляюць чытачы mogilev.media, апошні ўчастак з арыгінальнай дарэвалюцыйнай брукаванай, які дзіўным чынам яшчэ заставаўся некранутым на вуліцы Камсамольскай у Магілёве, цяпер цалкам прыбраны. 

Мы паведамлялі пра нечаканае адкрыццё брукаванкі, якую амаль усю савецкія ўлады перанеслі на іншыя месцы ў горадзе. 

Выяўленне кавалка некранутай маставой давала надзеі на сімвалічнае выкарыстанне яе ў натуральным асяроддзі, што прынесла б дадатковую турыстычную прывабнасць колішняй Дваранскай вуліцы.

Фота даслана чытачамі mogilev.media.

Па жылым доме ў Запарожжы ўдарлі дзве расійскія ракеты

Як паведамляе абласная вайсковая адміністрацыя горада Запарожжа, сёння рааніцай па шматпавярховым жылым будынку ўдарылі дзве ракеты расійскіх войскаў. Некалькі выбухаў ракет прагучалі ў горадзе і на выспе Хорціца ў 11.20. Па непацверджаных дадзеных адна з ракет патрапіла ў вугал аднаго жылога дома і зачапіла другі. Другая ракета, верагодна, не разарвалася і засела ў даху будынка. На месцы падзення ракет праводзяцца выратавальныя і эвакуацыйныя работы. Пра пацярпелых пакуль невядома.

Фота: Тэлеграм-канал вайсковай адміністрацыі горада Запарожжа.

Дарога да пантоннай пераправы ў Чэрыкаве ператварылася ў кашу – як і разлічвалі праекціроўшчыкі

Праект адзінай дарогі, што звязвае Чэрыкаў з вёскамі за ракой Сож наогул не прадугледжваў вясновай паводкі, зімы і буйных машын. Планы памяняліся, а праект – не. 

Рамонт маста праз Сож абрастае новымі праблемамі. Першапачаткова праект будаўніцтва прадугледжваў, што ўсю зіму жыхары горада і раёна будуць і без маста, і без пантоннай пераправы – пісалі mogilev.media. Пры гэтым дзяцей з вёскі Гронава на левым беразе Сожа планавалася вазіць на вучобу праз радыёактыўна забруджаную зону ў вёску Майскае ў 25 кіламетрах.

У лістападзе 2022 года было ўсё ж вырашана пабудаваць пантонную пераправу яшчэ да зімы. Але, як высветлілася, “першапачаткова праектам рух транспарту па дадзеным аб’екце ў зімовы і паводкавы перыяды не прадугледжваўся” – паведаміў “Весніку Чэрыкаўшчыны” начальнік будаўнічага трэста №3 Крычава Дзяніс Шатуха. І, як вынікае, гэты праект не быў зменены пасля таго, як было прынятае рашэнне будаваць пантонны мост усё ж да зімы.

У выніку частка дарогі да пантона – гэта гравійка, якая пад веснавой распуціцай перыядычна ператвараецца ў кашу. 

“Прыйдзецца пацярпець”

Акрамя адзначанага, першапачаткова планавалася, што па дарозе будзе хадзіць толькі легкавы аўтамабільны транспарт. Сыходзячы з гэтага, была запраектавана пэўная канструкцыя дарожнага “адзення” – кажа Дзяніс Шатуха. Цяпер жа дарога натуральным чынам не вытрымлівае той нагрузкі, якая на яе прыходзіцца.

Чаму будаўнічай арганізацыяй быў рэалізаваны праект, які не ўлічваў змены ў рэжыме эксплуатацыі пантоннай пераправы, чыноўнік не патлумачыў.

У якасці кампенсацыйнай меры зараз на тым участку дарогі, які не мае цвёрдага пакрыцця, кожны дзень працуе грэйдар. Часткова гэта дапамагае вырашыць праблему, часткова не – аўтатранспарт пастаянна рызыкуе загвазнуць у каляіне. На гэта начальнік трэста заўважае: “Прыйдзецца нямнога пацярпець.”

Зрабіць больш трывалую дарогу будаўнікі змогуць толькі пасля поўнага падсыхання праблемнага ўчастка.

Фота: “Веснік Чэрыкаўшчыны”

Сейм Літвы прыняў праект закона па прыпыненні выдачы віз беларусам – у першым чытанні

У дачыненні да грамадзян краін-агрэсараў у вайне з Украінай, а да гэтага ліку літоўскія парламентарыі адносяць беларусаў і расіян, прапануецца прыняць абмежавальныя меры па атрыманні літоўскіх віз і віду на жыхарства.

“Пераважная большасьць грамадзян Расіі падтрымліваюць ваенныя дзеянні і агрэсію сваёй краіны, яны не робяць крокаў, каб спыніць агрэсію рэжыму сваёй краіны, таму адказнасьць ляжыць і на грамадзянах гэтых краін. Каб змяніць іх паводзіны, мэтазгодна ўвесці абмежавальныя меры, звязаныя з магчымасцю грамадзян Расіі і Беларусі наведваць Літву і ўязджаць на тэрыторыю Еўрасаюза – так патлумачыла законапраект намеснік міністра замежных спраў Літвы Ёвіта Нелюпшэне паведамляе афіцыйны сайт літоўскага Сейма.

Законапраект прадугледжвае прыпыненне прыёму візавых заявак грамадзян Расіі і Беларусі ў літоўскіх візавых службах за мяжой, за выключэннем выпадкаў, калі Міністэрства замежных спраў Літвы выступае пасярэднікам у падачы візавай анкеты. Таксама прыпыняецца прыём заяў на афармленне нацыянальных літоўскіх віз грамадзянамі Расіі і Беларусі праз знешняга пастаўшчыка паслуг за мяжой. 

Паводле законапраекта будзе прыпынены прыём заяў ад грамадзян Расіі і Беларусі на выдачу дазволу на часовае пражыванне ў Літве. Адносна тых грамадзян Беларусі і Расіі, якія ўжо падалі заявы на дазвол, працэдура надання права часовага пражывання будзе спыненая.

Пасля абмеркавання праект у першым чытанні ухвалілі 113, супраць не прагаласаваў ніводзін, устрымаліся 9 членаў Сейма. Калі ён будзе прыняты ў другім чытанні, то атрымае сілу закона.

Фота з адкрытых крыніц.

Боркі – “старэйшая сястра” Хатынскай трагедыі

Cёння адзначаецца 80-я гадавіна хатынскай трагедыі. 

Хатынь – адна з 9097 вёсак, якія былі спалены фашыстамі на тэрыторыі Беларусі. 

“Старэйшай сястрой” страшэннай трагедыі лічыцца вёска Боркі – месца найбуйнейшай па колькасці ахвяр карнай аперацыі супраць мірнага насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 15 чэрвеня 1942 года нацысцкія карнікі вынішчылі яе разам з 6 навакольнымі пасёлкамі Кіраўскага раёна Магілёўшчыны, забіўшы 2027 жыхароў. 

Батальён “Дырлевангер”, які здзейсніў расправу над жыхарамі Борак знішчыў і Хатынь. 

Пасля вайны Боркі былі адноўлены, але суседнія пасёлкі не адрадзіліся. Аповесць Алеся Адамовіча “Карнікі” напісана на аснове тых страшных падзей. На месцы трагедыі ў в. Боркі ў Кіраўскім раёне створаны мемарыяльны комплекс “Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці” (у памяць аб 112 знішчаных вёсках Магілёўшчыны). 

Фота. Mogilev.media

Па Індэксе чалавечага развіцця Беларусь 60-я, ваюючая Украіна – 77-я

Паводле апублікаванага рэйтынгу індэксу чалавечага развіцця (ІЧР) на 2023 год, Беларусь заняла 60 радок. Гэта рэзкае падзенне: у 2014, 2021 гадах была 53-й, у 2020 – 50-й са 191 краіны. 

Развіццё чалавека ў самым агульным разуменні – гэта здольнасць чалавека, па-першае, доўга жыць, па-другое, далучацца да культурных здабыткаў чалавецтва, па-трэцяе, набываць неабходныя сродкі для выжывання.

Для параўнання: Эстонія – 31, Польшча – 34, Літва – 36, Латвія – 39, Расія – 51, Казахстан – 56, Україна – 77 (у 2010 годзе- 69, у 2020 – 74), Малдова – 81, Арменія – 85.

Індэкс чалавечага развіцця  разлічваецца  для супастаўлення краін па сацыяльна-эканамічным развіцці. 

Аб’яднаны Індэкс для кожнай краіны разлічваецца па наступных паказчыках: сярэдняя працягласць жыцця людзей (ацэньвае даўгалецце), сярэдняя колькасць гадоў, выдаткаваных на навучанне (характарыстыкі пісьменнасці насельніцтва). Сярэдні даход на душу насельніцтва па парытэце пакупніцкай здольнасці (адлюстроўвае ўзровень матэрыяльнага забеспячэння людзей).

Топ-10 краін з самым высокім індэксам чалавечага развіцця:

  1. Швейцарыя — 0,962
  2. Нарвегія — 0,961
  3. Ісландыя — 0,959
  4. Ганконг (Кітай) — 0,952
  5. Аўстралія — 0,951
  6. Данія — 0,948
  7. Швецыя — 0,947
  8. Ірландыя — 0,945
  9. Германія — 0,942
  10. Нідэрланды — 0,941

ІЧР большасці развітых краін складае 0,8 і вышэй. У гэтых краінах стабільныя ўрады, шырока распаўсюджаная даступная адукацыя і медыцынскае абслугоўванне, высокая чаканая працягласць і якасць жыцця, а таксама растучая магутная эканоміка.

«Нізкі ўзровень чалавечага развіцця» – узровень ніжэй за 0,55. У такіх краінах грамадства сутыкаецца з нестабільнымі ўрадамі, шырока распаўсюджанай галечай, адсутнасцю доступу да медыцынскага абслугоўвання і дрэннай адукацыяй. Акрамя таго, у гэтых краінах нізкі даход і нізкая чаканая працягласць жыцця ў спалучэнні з высокім узроўнем нараджальнасці.

Топ-10 краін з самым нізкім індэксам чалавечага развіцця:

  1. Паўднёвы Судан — 0,385
  2. Чад — 0,394
  3. Нігер — 0,400
  4. Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка — 0,404
  5. Бурундзі — 0,426
  6. Малі — 0,428
  7. Мазамбік — 0,446
  8. Буркіна-Фасо — 0,449
  9. Емен — 0,455
  10. Гвінея — 0,465.

Фота з адкрытых крыніц, мае ілюстрацыйны характар.

У Афганістане адбыўся землятрус пад 7 балаў

Вечарам 21 сакавіка ў Афганістане адбыўся землятрус магнітудай 6,6-6,8, заявілі Еўрапейска-Міжземнаморскі сейсмалагічны цэнтр і геалагічная служба ЗША. 

Эпіцэнтр землятрусу знаходзіўся ў правінцыі Бадахшан – гэта паўночны ўсход краіны, правінцыя мяжуе з Таджыкістанам. 

Сейсмічнае падзея адчувалася ў суседніх краінах – Індыі (у прыватнасці, у Нью-Дэлі), Казахстане (Шымкент, Тараз), Кітаі, Кіргізіі, Пакістане, Таджыкістане, Туркменіі і Узбекістане (Ташкент).

Інфармацыі аб пацярпелых і разбурэннях пакуль няма. 

Фота з адкрытых крыніц, мае ілюстрацыйны характар.

Дзень у гісторыі. 22 сакавіка. Брэсцкі манетны двор. Пакараны К. Каліноўскі. Хатынская трагедыя. M.@rt.кантакт. Нарадзіліся кароль Ян Казімір, паэт А. Пысін.

Сусветны дзень вады (World Water Day, з 1993 года).

Абвешчаны Генеральнай Асамблеяй ААН.

У рэзалюцыі Генеральнай Асамблеі прапанавана дзяржавам праводзіць у гэты дзень мерапрыемствы, прысвечаныя захаванню і засваенню водных рэсурсаў.

Па велічыні водных рэсурсаў рэк Беларусь займае чацвёртае месца ў Еўропе пасля Нарвегіі. 

Патэнцыял водных рэсурсаў Беларусі: 20 000 рэк і ручаёў, 11 000 азёр, 85 вадасховішчаў, 1 500 сажалак.

Разведаныя запасы прэсных падземных вод – 6,35 млн куб.м/суткі (609 радовішчаў).

Міжнародны дзень Балтыйскага мора (Baltic Sea Day, з 1986 года).

Абвешчаны ў 1986 годзе на 17-м пасяджэнні Хельсінкскай Канвенцыі ў гонар падпісання самой канвенцыі па Балтыйскаму мору ў 1974 годзе.

49% тэрыторыі Беларусі адносіцца да басейна Балтыйскага мора, рачных басейнаў Нёмана, Заходняй Дзвіны, Заходняга Буга.

Рака Заходняя Дзвіна

Сорак сарокаў (народны каляндар). 

Прыход вясны пасля раўнадзенства і сустрэча птушак з цёплых месцаў. “Жаўрукі прыляцелі, на галоўку дзецям селі”.

У хрысціянстве шануюць памяць сарака пакутнікаў Севастыйскіх – воінаў-хрысціян, якія прынялі пакутніцкую смерць. Усе яны былі родам з Кападокіі і служылі ў рымскім войску. Ваеначальнік запатрабаваў, каб хрысціяне разам з астатнімі салдатамі прынеслі ахвяру паганскім багам. Пасля адмовы іх падвергнулі катаванням, а потым распранулі і прымусілі стаяць у пакрытым лёдам возеры на працягу ночы. Да раніцы адзін з воінаў не вытрымаў – і пабег да цёплай лазні. Аднак яго месца сярод пакутнікаў заняў рымлянін Аглай, якога ўразіла стойкасць духу хрысціян.

У народзе гэты дзень лічыўся днём другой сустрэчы вясны (першая была на Грамніцы, трэцюю чакаюць на Дабравешчанне), адным з самых вялікіх свят у годзе. Сяляне казалі, што “на Сарокі дзень з ноччу мераецца, зіма канчаецца, вясна пачынаецца”. А прадвеснікамі вясны былі жаўрукі (хоць на Сарокі, па павер’і, з-за мора прыляталі 40 розных птушак).

Гаспадыні загадзя выпякалі з цеста печыва ў выглядзе птушак, як правіла, 40 штук – па колькасці загінулых пакутнікаў.

У гэты дзень вернікі прыходзяць у храм і ставяць 40 свечак у памяць аб загінуўшых.

Жавароначкі, прыляціце,

Цёпла лецейка прынясіце,

А зімачку прыбярыце,

Бо зімачка надаела,

Нам хлебушак пераела.

1609 год. Нарадзіўся Ян Казімір Ваза (1609–1672).

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1648–1668), апошні манарх з дынастыі Ваза.

У час яго панавання адбыліся разбуральныя войны з Маскоўскай дзяржавай, казакамі, са Швецыяй. 

Пры ім былі страчаны Прусія, Смаленскае ваяводства, Кіеў і левабярэжная Украіна. 

Агульны гаспадарчы заняпад дзяржавы, няўдачы ў войнах, аслабленне міжнароднага становішча, напружаныя адносіны з магнатамі і шляхтай, смерць энергічнай і актыўнай у палітыцы каралевы Марыі Людвікі прывялі да адрачэння ад трона і эміграцыі ў Францыю ў верасні 1668 года.

1619 год. Кароль Жыгімонт III Ваза перадаў усе магілёўскія праваслаўныя цэрквы уніятам.

Гэта адбылося па скарзе уніяцкага арцыбіскупа І. Кунцэвіча на бясчынствы часткі гараджан супраць уніатаў. 

Указам караля прадпісвалася ўдзельнікаў узброенага выступу ў Магілёве ў 1618 годзе супраць уніятаў пакараць смерцю, на жыхароў накласці штраф, усе праваслаўныя цэрквы перадаць уніятам.

1659 год. Пастанова Сойма Рэчы Паспалітай аб біцці меднага шэлега (барацінкі) і заснаванні Брэсцкага манетнага двара.

Падчас правядзення грашовай рэформы 1659–1666 гадоў для выпуску меднага соліда (барацінкі) пачалося будаўніцтва манетнага двара ў Брэсце. Ён працаваў з 4 снежня 1665 да 16 снежня 1666 года і выбіў каля 241 мільёна медных солідаў на суму 2 674 268 злотых 10 грошаў.

На аверсе размяшчаўся бюст Яна II Казіміра Вазы, пад якім ініцыялы TLB (арандатара меднага двара). На рэверсе быў герб ВКЛ “Пагоня”, пад ім манаграма І. Кіршэнштэйна. Соліды брэсцкага двара падобныя на медныя соліды Віленскага меднага двара. 

Ёсць меркаванне, што большая частка тыражу мае адметныя рысы: шчыт з вострым вуглом, малая манаграма, палеаграфічныя асаблівасці.

1864 год. Публічна павешаны на гандлёвай плошчы Лукішкі ў Вільні Кастусь Каліноўскі (1838–1864).

Палітычны дзеяч, публіцыст, паэт. Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863–1864 гадоў.

Скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, прымаў удзел у таемнай ваенна-рэвалюцыйнай арганізацыі афіцэраў Генштаба, якую ачольвалі З. Серакоўскі і Я. Дамброўскі. 

На Гародзеншчыне ствараў рэвалюцыйныя арганізацыі, у 1862 годзе з паплечнікамі распачаў выпуск «Мужыцкай праўды» – першай у гісторыі газеты на беларускай мове. У 1862 годзе ачоліў Літоўскі правінцыяльны камітэт па падрыхтоўцы паўстання, у студзені 1863 распачаў паўстанне, 1 лютага 1863 года узначаліў Часовы правінцыяльны ўрад Літвы і Беларусі.

29 студзеня 1864 года выдадзены царскім уладам камісарам Магілёўскай губерні Вітаўтам Парфяновічам. 

Таемна пахаваны на Гедзімінавай (Замкавай) гары ў Вільні, побач з іншымі лідарамі і ўдзельнікамі паўстання, забітымі на загад расійскай улады. Усе магілы былі зроўнены з зямлёй.

Урачыстае перапахаванне К. Каліноўскага і іншых паўстанцаў адбылося 22 лістапада 2019 года на могілках Росы у Вільні.

Адзін з першых беларускіх мастацкіх фільмаў быў «Кастусь Каліноўскі» (1928). У 1943 годзе ў гонар героя была названая савецкая партызанская брыгада, якая дзейнічала каля Гродна і Беластока.

У гонар деяча названыя вуліцы ў Мінску, Гродна, Магілёве, Пінску і іншых гарадах Беларусі, гімназія № 1 у г. Свіслач. Адзіны беларускі помнік усталяваны ў Свіслачы. Бюст усталяваны ў Нью-Ёрку.

Указ прэзідэнта Беларусі ад 15 студзеня 1996 года № 26 зацвердзіў Ордэн Кастуся Каліноўскага. Узнагарода не выкарыстоўваецца, але не выходзіла і адпаведнай пастановы аб яе скасаванні.

У 2022 годзе ва Украіне створаны беларускі полк імя Каліноўскага.

1865 год. Нарадзіўся Уладзіслаў Сівы-Сівіцкі, Стары Улас.

Беларускі паэт.

Дэбютаваў вершамі ў 1907 годзе ў «Нашай ніве». Шэраг вершаў надрукаваны ў «Анталогіі беларускай паэзіі» (1961), зборніку «Беларуская дакастрычніцкая паэзія» (1969).

У 1990 годзе выйшла яго кніга вершаў і публіцыстыкі «Год беларуса».

Памёр 30 верасня 1939 года.

1882 год. Нарадзіўся Эдуард Будзька.

Беларускі грамадскі дзеяч, паэт, публіцыст, настаўнік.

Аўтар і папулярызатар «Нашай нівы». Член  прэзідыума Беларускага нацыянальнага камітэта,  член Вялікай беларускай рады, сакратар Камісіі па стварэнні БДУ.

Удзельнічаў у стварэнні беларускіх школ, Будслаўскай беларускай гімназіі. Удзельнік беларускага нацыянальнага руху ў Літве, Латвіі, ЗША.

У час Другой сусветнай вайны, падчас нямецкай акупацыі Беларусі, працаваў настаўнікам у Мінску і Баранавічах. Прымаў удзел у Другім Усебеларускім кангрэсе.

Цяжка хворы выехаў у Канаду, потым у ЗША. Актыўна ўдзельнічаў у жыцці беларускай эміграцыі ў ЗША. Апублікаваў свае ўспаміны ў месячніку «Бацькаўшчына».

Памёр 14 жніўня 1959 года ў Чыкага.

1920 год. У в. Высокі Барок (цяпер Краснапольскі раён) нарадзіўся Аляксей Пысін.

Беларускі паэт. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1968) за кнігу вершаў «Твае далоні».

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР працаваў у газэце ў Бельску на Беласточчыне. Удезльнік Другой сусветнай вайны.

Працаваў у краснапольскай газеце «Чырвоны сцяг», у чэрыкаўскай раённай газеце, магілёўскіх абласных «За Радзіму», «Магілёўская праўда». З 1974 года да апошніх дзён быў сакратаром Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза Пісьменнікаў.

Аўтар 12 кніг паэзіі, 4 зборнікаў вершаў для дзяцей, кніг вершаў і паэм, кнігі пра народныя песні і іх выканаўцаў «Бярозка ля кожных варот». Двойчы выходзілі Выбраныя творы ў 2 тамах.

Пераклаў на беларускую мову «Маабіцкі сшытак» М. Джаліля, зборнік вершаў М. Ханінава «Жураўлі над стэпам».

Памёр 27 жніўня 1981 года ў Магілёве. Пахаваны на каталіцкіх могілках.

У яго гонар названа школа (у ёй мемарыяльны музей паэта) у Палужы Краснапольскага раёна, вуліца ў Магілёве. На доме, у якім ён жыў па праспекце Міра, 35А ўсталявана мемарыяльная дошка. Магілёўская абласная бібліятэка арганізуе Пысінскія чытанні.

1943 год. Разам з жыхарамі спалена Хатынь.

У гэты дзень 149 жыхароў вёскі былі спалены жыўцом або расстраляны нямецкімі салдатамі і дапаможным паліцэйскім батальёнам за аказанне жыхарамі вёскі дапамогі партызанам. 

У карнай аперацыі ўдзельнічалі 118-ы батальён шуцманшафта і асобны карны батальён СС «Дырлевангер».

Апошні сведка трагедыі, Віктар Жалабковіч, памёр у 2020 годзе.

У 1969 годзе створаны мемарыял у памяць аб 9200 беларускіх вёсках, знішчаных нацыстамі.

1998 год. Памёр Пятро Шасцерыкаў (1919–1998).

Беларускі пісьменнік. Выхаванец магілёўскага педінстытута (1941), сакратар Магілёўскага аддзялення  Саюза пісьменнікаў, аўтар твораў на мясцовую тэматыку.

Яго пяру належаць шматлікія кнігі, аповесці, апавяданні. Ён з’яўляецца аўтарам літаратурнай апрацоўкі кніг успамінаў “Салдатамі былі ўсе”, “Арлы”, тэкстаў да фотаальбомаў “Магілёў”, “Магілёўская вобласць”.

Яго імем названа вуліца ў Магілёве.

2006 года. У Магілёве стартаваў Першы Міжнародны маладзёжны тэатральны форум M.@rt.кантакт.

У першы год у ім прынялі ўдзел 10 тэатраў з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы.

Мінулым годам, у сувязі з агрэсіяй Расіі супраць Украіны, тэатральны форум з міжнароднага ператварыўся ў форум тэатраў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.

Сёлета з 20 па 27 сакавіка праводзіцца XVI Міжнародны форум. У асноўнай праграме запланавана 19 спектакляў калектываў з Беларусі, Расіі, Казахстана і Балгарыі.

У Крычаве асудзілі дырэктара за фіктыўную выдачу малака

Два гады пазбаўлення волі і штраф далі дырэктару “Крычаўрайаграпрамтэхснаба”. 

Пракуратура Крычаўскага раёна падтрымала ў судзе дзяржаўнае абвінавачанне ў дачыненні да дырэктара ААТ «Крычаўрайаграпрамтэхснаб». Ему інкрымінавана злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі – піша газета “Крычаўскае жыццё”.

У ходзе судовага следства ўстаноўлена, што каб схаваць невыкананне паказчыкаў па валавой вытворчасці малака і яго рэалізацыі, з верасня 2021 года па жнівень 2022 года дырэктар свядома даваў незаконныя загады сваім падначаленым – фіктыўна выпісваць работнікам прадпрыемства малако ў лік зарплаты.

У выніку дзеянняў дырэктара прадпрыемству нанесена маёмасная шкода. Пры гэтым з зарплаты работнікаў незаконна ўтрыманы кошт малака ў суме звыш 500 рублёў.

Суд Крычаўскага раёна прыгаварыў былога дырэктара сельгаспрапрыемства да пазбаўлення волі на два гады і штрафа у памеры 300 базавых велічыняў (11,1 тыс. рублей) з адтэрміноўкай выканання пакарання ў два гады. 

Акрамя таго, былы кіраўнік прадпрыемства пазбаўленны права займаць пасады, звязаныя з арганізацыйна-распарадчымі і адміністрацыйна-гаспадарчымі абавязкамі на 5 гадоў.

Фота ілюстратыўнае