У дзяжурную службу мсціслаўскага аддзела міліцыі за апошнія дні паступіла некалькі паведамленняў пра розныя здарэнні: крадзеж паліва і рулонаў сена, кустоў бульбы з агарода. Нецвярозы буйны брат і шумныя суседзі, якія ладзяць начныя гулянкі.
У аграгарадку Басценавічы Мсціслаўскага раёна на тэрыторыі прыватнага домаўладання пенсіянера міліцыя выявіла 30 літраў афарбаванага дызельнага паліва, што захоўваў мужчына. У аграгарадку Мішні “засвяціўся” механізатар аграпрапрыемства “Знамя працы” у якога правахоўнікі знайшлі два рулоны сена.
У Мсціславе ў пад’ездзе дома па вуліцы Школьная невядомыя разбілі акно ўваходных дзвярэй. Працягваюцца і крадзяжы бульбы з агародаў людзей. На гэты раз злодзеі выкапалі на агародзе жыхара Ходасаў 15 кустоў клубневай культуры. А вось у аграгарадку Разанцы жанчына была змушаная звярнуцца за дапамогай да міліцыі з-за таго, што суседзі два тыдні не давалі ёй спаць, ладзячы начныя гулянні. Па ўсіх фактах праводзіцца праверка.
У Ходасах адбылося яшчэ адно здарэнне. Родны брат жанчыны ў стане алкагольнага ап’янення ўчыніў з ёй скандал, парваў сукенку і кідаўся біцца. У выніку на мужчыну быў складзены адміністрацыйны пратакол. Яму пагражае штраф да 10 базавых велічыняў (370 беларускіх рублёў) ці грамадскія працы або адміністрацыйны арышт – паведамляе раённая газета “Святло кастрычніка”.
Жанчына была дастаўлена ў бальніцу з ранамі канечнасцяў і тулава пасля “шматлікіх укусаў”. Раней у гэтым месяцы на васьмігадовага хлопчыка напалі на пляжы, а ў чэрвені дзінга зацягнуў пад ваду 10-гадовага хлопчыка – піша Guardian.
Раніцай у панядзелак 17 ліпеня тры сабакі дзінга напалі на 24-гадовую дзяўчыну, калі яна бегала на пляжы Архідэя на паўночным усходзе выспы Кгары, што раней насіла імя Фрэйзера. Дзяўчыне прыйшлося забегчы ў ваду, спрабуючы выратавацца ад іх.
Двое мужчын на пікапе ўбачылі інцыдэнт і кінуліся ў акіян, каб дапамагчы дзяўчыне. Яны паклалі параненую ў заднюю частку свайго аўтамабіля і адвезлі яе ў бяспечнае месца. Потым яе даставілі ў шпіталь горада Харві-Бэй, на кантыненце, верталётам.
Нягледзячы на рост колькасці нападаў сабак дзінга на выспе Кгары, мясцовыя рэйнджары гнеўна адхіляюць заклікі знішчыць папуляцыю ў гэтым папулярным турыстычным месцы. Востраў Кгары ўнікальны тым, што гэта самы вялікі пясчаны востраў на планеце, а таксама ён знакаміты сваімі “вісячымі азёрамі”. На выспе знаходзіцца каля 40 прэсных азёр, якія размяшчаюцца вышэй за ўзровень акіяна. Выспа ўнесена ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА як непаўторны прыродны помнік.
“Выбракоўка [дзінга] ў сітуацыі на К’гары не з’яўляецца варыянтам. – расказала выданню Лінда Берэндорф, адказны наглядчык на выспе – Наша задача мінімізаваць рызыкі.”
Прынамсі адна з жывёл у зграі, што атакавала дзяўчыну, была аднесена да групы рызыкі і мае нашыйнік з прыладай для адсочвання руху і паводзін.
“Гэта жывёла з патэнцыялам высокай рызыкі. – ахарактарызавала сабаку Берэндорф. – Адзін з дзінга, якога мы ідэнтыфікавалі, удзельнічаў у папярэднім інцыдэнце.”
Раней у гэтым месяцы сабакі дзінга напалі на пляжы на васьмігадовага хлопчыка, а ў чэрвені яны зацягнуў пад ваду 10-гадовага хлопчыка. Яго ўдалося выратаваць, калі ўмяшалася яго 12-гадовая сястра.
У мінулым месяцы рэйнджары таксама ўсыпілі аднаго дзінга пасля некалькіх месяцаў нападаў, падчас якіх сабака ўкусіў сямігадовага хлопчыка і 42-гадовую жанчыну.
Рэйнджары звязваюць рост колькасці нападаў з ростам колькасці людзей, якія ігнаруюць абмежаванні на кармленне і ўзаемадзеянне з жывёламі. Паводле ацэнак, на востраве пражывае ад 100 да 200 дзінга.
Работніца прадпрыемства па вытворчасці хлебабулачных вырабаў у Магілёве атрымала траўмы на працы – з пераломамі рукі яна была дастаўленая ў шпіталь. Жанчына расказала, што пры ўборцы свайго рабочага месца яна ўключыла абсталяванне па падачы нарыхтовак хлеба ў печ, каб ачысціць з валоў наліплае цеста. Аднак у нейкі момант адчула, што яе руку са скрабком зацягвае ў валы. Яна стала крычаць па дапамогу. Калегі, якія прыбеглі на крык, адключылі абсталяванне і выклікалі хуткую. Было ўстаноўлена, што ў парушэнне тэхнікі бяспекі жанчына пры ўборцы рабочага месца запусціла абсталяванне, што катэгарычна забаронена – пішуць “Магілёўскія ведамасці”.
Посуд, які не адпавядае патрабаванням па якасці і бяспецы быў выяўлены ў Магілёве ў гіпермаркеце “Білд” – паведамляе Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.
У чатырох найменнях прадукцыі выяўлены неадпаведнасці ўстаноўленым патрабаванням па міграцыі жалеза, марганцу, нікелю ў мадэльныя асяроддзі. Прадукцыяй з парушэннямі аказаліся дуршлагі і рашоткі для грыля і барбекю індзійскай, кітайскай і расійскай вытворчасці.
Банк Расіі выпусціў у абарачэнне памятную сярэбраную манету наміналам 3 рублі “Творчасць Віктара Цоя”, тыраж склаў 5000 штук.
“Савецкі рок-музыка, заснавальнік і саліст гурта «Кіно» Віктар Цой быў кумірам свайго часу, а яго песні сталі сімвалам эпохі перабудовы.” – прыводзіць словы прэс-службы банка выданне “АіФ”.
Варта адзначыць, што творчасць Віктара Цоя стала адным з сімвалаў беларускіх пратэстаў 2020 года.
64 год. У ноч з 18 на 19 ліпеня, пачаўся жудасны пажар у Рыме.
За тыдзень пажару з 14 раёнаў выгарэла ўшчэнт 4, большай часткай – 7. Мноства цудоўных храмаў, палацаў і грамадскіх збудаванняў ператварылася ў руіны, сотні гараджан загінулі, паўсюль панавала паніка.
Нарадзіліся чуткі, што Рым падпалены па загадзе імператара Нерона, які задумаў “расчысціць” сталіцу для далейшай грандыёзнай перабудовы. Сам Нерон апрануты ў тэатральны касцюм назіраў за пажарам, граў на ліры і дэкламаваў паэму аб гібелі Троі.
Нерон абвінаваціў у пажары хрысціянскую абшчыну, справакаваўшы, такім чынам, першыя ў Рымскай імперыі ганення на хрысціян.
1574 год. Пабыўшы крыху больш за год польскім каралём і Вялікім князем ВКЛ, Генрых III Валуа ўцёк на радзіму і заняў французскі трон.
Каралём Францыі ён зрабіў занадта шмат саступак пратэстантам і праз 15 гадоў быў зарэзаны манахам-фанатыкам. Смерць нялюбага караля парыжане адсвяткавалі масавымі гуляннямі, а каталіцкія цэрквы – падзячнымі імшамі.
1613 год. Памёр Іпацій (Адам) Пацей (1541-1613).
Царкоўны і дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік-палеміст, асветнік, фундатар школ.
Прамовы вёў у асноўным на беларускай мове. Абаронца царкоўнай уніі, змагар за канфесійную талерантнасць.
Першым у беларускай літаратуры сфармуляваў ідэю роўнасці грамадзянскіх і палітычных правоў для людзей свецкага і духоўнага станаў.
1792 год. Армія ВКЛ на чале з Т. Касцюшкам разбіла расійскае войска М. Кахоўскага пад Дубенкай.
Касцюшка адбіў атаку праціўніка, які колькасна пераўзыходзіў яго, умела выкарыстоўваючы перашкоды мясцовасці і палявыя ўмацаванні. Маючы толькі 5 300 жаўнераў ён перамог 25 000 рускіх. Перамога паказала геніальнасць Касцюшкі.
1903 год. У Магілёве ўрачыста закладзены Трохсвяціцельскі храм.
Храм у імя Трох Свяціцеляў праваслаўнай царквы Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова, Іаана Залатавуста. Архітэктар П.Калнін.
Будаўніцтва было скончана ў 1914 годзе.
Храм, пабудаваны ў формах рускай архітэктуры, мае ў плане форму крыжа і ўвянчаны сямю купаламі, над уваходам – званіца.
У час знаходжання ў Магілёве Стаўкі Вярхоўнага галоўнакамандуючага сабор часта наведваў расійскі імператар Мікалай II.
З невялікімі перапынкамі царква дзейнічала да 1959 года. У 1961 годзе зачынена і апаганена, будынак быў аддадзены пад клуб завода «Строммашына». Тады ж была знесена званіца, а з будынка знялі купалы і крыжы. Амаль праз 30 гадоў будынак вярнулі вернікам, 25 снежня 1989 года храм зноў быў асвечаны і пачаў дзейнічаць.
1909 год. У в. Старыя Грамыкі Веткаўскага раёна нарадзіўся Андрэй Грамыка (1909-1989).
Савецкі дзяржаўны дзеяч, доктар эканамічных навук, дыпламат. Двойчы Герой Сацыялістычнай працы, старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР.
Ад імя СССР паставіў подпісы пры стварэнні ААН, зацвярджэнні Статута ААН. Кіраўнік дэлегацыі СССР на 22-х сесіях Генеральнай Асамблеі ААН, міністр замежных спраў СССР (1957-1985).
На Захадзе Грамыка атрымаў мянушку «Mr. Nyet» (Містар «Не») за своеасаблівы стыль вядзення перамоў. Грамыка вёў савецка-амерыканскія перамовы падчас Карыбскага крызісу, прадухіліў вайну паміж Індыяй і Пакістанам у 1966 годзе.
Памяць ўшанавана ў Гомелі (бюст, сквер), г. Ветка (вуліца, СШ № 1, помнік).
Памёр 2 ліпеня 1989 года.
1936 год. Адбыўся ваенны путч у Іспаніі. Пачалася грамадзянская вайна.
Вайна (ліпень 1936 – красавік 1939) паміж рэспубліканцамі і дыктатурай Франка. У ёй прымалі ўдзел на баку рэспубліканаў некалькі соцень беларусаў з 2 100 савецкіх “дабраахвотнікаў”.
Першымі Героямі Савецкага Саюза – беларусамі ў 1936 годзе сталі менавіта ўдзельнікі гэтай вайны Мікалай Сяліцкі і Павел Купрыянаў,першым Двойчы Героем у СССР стаў удзельнік вайны ў Іспаніі беларус Сяргей Грыцавец.
1939 год. Нарадзіўся Генадзь Шутаў (1939-2017).
Беларускі мастак-графік. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, старшыня Віцебскай суполкі мастакоў.
Яго творы знаходзяцца ў калекцыях як Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, так і самых вялікіх і прадстаўнічых сусветных музеяў, такіх як The Metropolitan Museum of Art у Нью-Ёрку, Траццякоўская галерэя ў Маскве.
1943 год. У баі з карнікамі ў Бялыніцкім раёне загінуў 17-гадовы Леанід Лорчанка (1925-1943).
Падпольшчык і партызан 600-га партызанскага атрада.
Нарадзіўся ў Магілёве.
Падарваў 2 чыгуначныя масты і варожы эшалон.
У ліпені 1943 года яго атрад адбіваў атакі карнікаў. 18 ліпеня каля в. Антонава Буда Бялыніцкага раёна група прыкрыцця, у якую быў уключаны Лорчанка, уступіла ў бой з колькасна праўзыходным праціўнікам. Пасля таго, як скончыліся боепрыпасы, пакінуты адзін у жывых Леанід з апошняй супрацьтанкавай гранатай кінуўся ў гушчу войскаў суперніка.
Герой Савецкага Саюза (1965). У яго гонар у Бялынічах названы вуліца, школа, у Магілёве ўсталявана мемарыяльная дошка.
1968 год. У ЗША зарэгістравана кампанія “NM Electronics”.
Хутка перайменавана ў Intel. Кампанія – сусветны лідар вытворчасці працэсараў, чыпсетаў, паўправадніковых кампанентаў, сецевага абсталявання.
Кантралюе 75% рынку. Працуе больш за 110 000 чалавек. У 2022 годзе Intel набыла ізраільскага вытворцу чыпаў Tower Semiconductor.
1974 год. У польскім мястэчку Канстанцінаў уведзена ў строй самае высокае ў свеце збудаванне ХХ стагоддзя — мачта Варшаўскага радыё.
Яе вышыня дасягла 646,38 м. Нажаль мачта вагой 420 (іншыя даныя – 550 тон) абрынулася 8 жніўня 1991 года пад час правядзення рамонтных работ пры парывах моцнага ветру. Нават на сёння толькі два збудаванні большыя за Варшаўскую мачту: Бурдж-Халіфа (828 м, Дубай) і Merdeka 118 (678,9 м, Малайзія).
1979 год. Званне Ганаровы грамадзянін Магілёва прысвоена І.Д. Краснаштанаву (1900-1983).
Савецкі военачальнік, генерал-лейтэнант. Двойчы прадстаўляўся да звання Героя Савецкага Саюза.
У 1927-1932 гадах служыў у пагранатрадах у БССР.
Камандаваў 238-й стралковай дывізіяй, якая 27 верасня 1943 года вызваліла Клімавічы, у чэрвені 1944 года прымала ўдзел у вызваленні Магілёва, Шклова, Быхава.
У выхадныя дні ў Беларусі адзначалася ўстойлівае спякотнае надвор’е. Людзі масава накіраваліся да вады, каб правесці свой вольны час. На жаль, адпачынак прынёс 11 смерцяў за выходныя ў Беларусі, сур’ёзныя траўмы пры купанні атрымаў падлетак – паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.
Трагедыі адбыліся ва ўсіх абласцях краіны, у Віцебскай – адразу 5, трагедыя здарылася і на Магілёўшчыне. Увечары 36-гадовая ўраджэнка Горацкага раёна са сваім сужыцелем ужывала спіртныя напоі на беразе возера Аршанскае. У нейкі момант жанчына вырашыла выкупацца. Яна зайшла ў вадаём і знікла. Праз некаторы час труп у вадзе знайшоў рыбак, які знаходзіўся на беразе.
Адразу два чалавекі загінулі на Магілёўшчыне за панядзелак, 17 ліпеня – паведамляе МНС. У вёсцы Залахвенне Быхаўскага раёна загінуў пенсіянер 1952 года нараджэння.
У вёсцы Каменка Магілёўскага раёна патануў хлопчык 2015 года нараджэння з вёскі Брылі.
Маці хлопчыка, занепакоеная тым, што дзіця доўга не вяртаецца дадому, адправілася яго шукаць. Убачыла адзенне сына на беразе і патэлефанавала ратавальнікам. Як высветлілася, хлопчык купаўся ў возеры разам з сябрам. Калі ён пачаў тануць, дзеці, што купаліся разам, разбегліся.
У Магілёве і ў іншых абласных цэнтрах Беларусі два дні – з 18 па 20 ліпеня не будуць працаваць банкаматы Беларускага народнага банка. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным паведамленні на сайце ўстановы. Чакаецца, што банкаматы перастануць працаваць у 15:00 18 ліпеня, а ўключацца ў 12:00 20-га. Банк рэкамендуе карыстацца банкаматамі іншых арганізацый, папярэдне даведаўшыся пра ліміты на сайце.
У Ленінскі РУУС г. Магілёва звярнуўся 51-гадовы мясцовы жыхар, які распавёў, што ў яго з раней выкрадзенай банкаўскай карты былі зняты грашовыя сродкі – паведамляе прэс-служба. Праваахоўнікі высветлілі, што карту скраў знаёмы заяўніка – 43-гадовы магілёвец, раней неаднаразова судзімы, у тым ліку і за крадзяжы.
Магілёўцы распівалі спіртныя напоі на кватэры ў заяўніка, а калі гаспадар жылля сышоў спаць у іншы пакой, госць скраў яго банкаўскую карту і пайшоў па крамах набываць спіртное. Калі грошы на плацежным сродку скончыліся, ён выкінуў карту і пайшоў дадому. У дачыненні да фігуранта ўзбуджана крымінальная справа.