У Быхаве прайшоў адкрыты чэмпіянат Беларусі па авіямадэльным спорце

На тэрыторыі былога ваеннага аэрадрома ў Быхаве прайшоў адкрыты чэмпіянат Рэспублікі Беларусь па радыёкіраваных авіямадэлях – копіях і паўкопіях.

У чэмпіянаце прынялі ўдзел больш за 10 спартсменаў. Мадэлі, у асноўным, з’яўляліся дакладнымі ці прыблізнымі, паменшанымі ў дзясяткі разоў копіямі самалётаў, якія лёталі ў ваенныя і даваенныя гады і нават у 20-я гады мінулага стагоддзя.

Праграма чэмпіянату ўключала ў сябе стэндавы паказ і ацэнку авіямадэляў, тры туры палётных дэманстрацый. Мадэлі з дапамогай радыёкіравання з зямлі выконвалі ўзлёт, палёт па зададзеным маршруце, паказвалі фігуры вышэйшага пілатажу, каскады фігур, ажыццяўлялі пасадку – паведамляе “Маяк Прыдняпроўя”.

Фота: “Маяк Прыдняпроўя”, ДТСААФ

У нейкі момант бабуля адчула прысутнасць чужога ў доме і азірнулася – следчыя змаглі знайсці злодзея

83-гадовая жыхарка Бабруйска была цвёрда ўпэўненая, што калітка яе гаспадаркі зачыненая знутры, а магчымасць адкрыць яе з вуліцы не дапускалася. Пагэтаму жанчына спакойна займалася справамі па доме. У нейкі момант бабуля адчула прысутнасць чужога чалавека ў доме і азірнулася. Сапраўды, у калідоры стаяла незнаёмая жанчына, на выгляд 50-60 гадоў. Пасля роспытаў, як няпрошаная госця трапіла ў хату (тая адказала, што нібыта брамка была адчыненая), гаспадыня сказала ёй сыходзіць, і маладзейшая жанчына знікла.

Праз некалькі хвілін, ачуняўшы ад шоку, жанчына выявіла прапажу 650 рублёў, якія яна захоўвала ў пашпарце ў шафе ў спальні.

На брамцы спецыяліст Бабруйскага МРА Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз выявіў след рукі, які, як высветлілася пры праверцы па дактыласкапічным уліку, належыць раней неаднаразова судзімай 66-гадовай бабруйчанцы. Па гэтай інфармацыі супрацоўнікі міліцыі ў тыя ж суткі затрымалі жанчыну. У зробленым крадзяжы яна прызналася і вярнула выкрадзеную суму – распавяла афіцыйны прадстаўнік упраўлення ГКСЭ па Магілёўскай вобласці Ірына Рачкоўская.

Фота ілюстрацыйнае

Бабруйскі завод плануе адкрыць новую вытворчасць на Кубе

Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў, які ўваходзіць у склад “МТЗ-Холдынгу”, плануе арганізаваць на Кубе сумесную вытворчасць малагабарытнай тэхнікі Belarus. Прапрацоўваецца варыянт выкарысттання для гэтага вытворчых плошчаў “Завода імя Герояў 26 ліпеня” ў горадзе Ольгін (на фота).

Цяпер на Кубе працуюць каля 120 тыс. трактароў беларускай і расійскай вытворчасці. Асабліва распаўсюджана мадэль МТЗ-80. На перагаворах кубінскі бок выказаў зацікаўленасць у набыцці запасных частак да беларускіх трактароў. “Арыгінальныя запчасткі дадуць магчымасць кубінскім аграрыям прадоўжыць тэрмін службы тэхнікі. Цяпер мы ўзгадняем цэны і колькасць вырабаў” – перадае словы начальніка упраўлення маркетынгу і збыту прадпрыемства Сяргея Маслакова “Камерцыйны кур’ер”.

Фота з адкрытых крыніц

ДАІшнікі спынілі непрышпіленага кіроўцу і знайшлі ў яго 100 літраў крадзенага паліва

Супрацоўнікі Шклоўскага ДАІ спынілі вадзіцеля за парушэнне правілаў дарожнага руху – ён не быў прышпілены рэмнем бяспекі. Падчас праверкі яго аўтамабіля, у багажніку ДАІшнікі знайшлі некалькі каністраў з пафарбаваным палівам. Як высветлілася, кіроўца, 59-гадовы механізатар аднаго з аграпрадпрыемстваў раёна, зліваў паліва са свайго трактара каб прадаць. Паліва канфіскавана, на мужчыну складзены адміністрацыйны пратакол – паведамляе прэс-служба УУС аблвыканкама.

Фота: УУС, скрыншот

19 ліпеня ў гісторыі. Узяцце Шыпкі. “Галоўнае – не перамога, а ўдзел”. Арарацкая анамалія. Алімпіада-80 у Мінску.

1450 год. Першая згадка Узды.

Амаль 11-тысячны горад у Мінскай вобласці, цэнтр раёна, на р. Уздзянцы. Цэнтр  кальвінізму. У 1572 годзе тут жыў С. Будны ў сувязі з выданнем Бібліі. Працуюць кравецкая фабрыка, філіял Слуцкага сыраробнага камбіната.

1814 год. Памёр брытанскі мораплавацель Мэцью Фліндэрс (1774-1814).

Аўтар назвы Аўстралія.

Назва замацавалася за кантынентам пасля выхаду ягонай кнігі “A Voyage to Terra Australis” (выдадзена за дзень да смерці). Даследчык Аўстраліі.

1855 год. Памёр Тамаш Зан (1796-1855).

Беларускі і польскі паэт-рамантык, удзельнік вызваленчага руху, прыродазнавец, музеязнавец.

Даследчык прыродных багаццяў Урала, вынаходнік золата, аўтар карты Прыўральскага краю, дакладаў для геаграфічнага таварыства. Адзін са стваральнікаў таварыства філаматаў, філарэтаў, сябра А. Міцкевіча, Я. Чачота, І. Дамейкі.

Пахаваны на каталіцкіх могілках у Смалянах пад Оршай.

Яго імя носяць гара на Паўднёвым Урале, вуліца ў  Гродне.

1869 год. У в. Дубейкава (зараз – Мсціслаўскі раён) нарадзіўся Лявон Вітан-Дубейкаўскі (1869-1940).

Дзеяч беларускага нацыянальнага руху, інжынер-будаўнік, паэт

Збіральнік беларускага фальклора.

Кіраваў аднаўленнем каталіцкіх храмаў у Мсціславе, Магілёве, Оршы, Крычаве, Свіслачы, Смальянах. Член Беларускага нацыянальнага камітэта, галоўны архітэктар БНР.

Памёр 6 лістапада 1940 года.

1877 год. Рускія і балгарскія войскі пад кіраўніцтвам М. Святаполк-Мірскага (уладальнік Мірскага замка; 1833-1898) адбілі ў турак Шыпку, адкрыўшы сабе шлях на Балканскі паўвостраў. 

Адзначыліся гераізмам на Балканах і беларускія генералы Іосіф Рамейка-Гурка (1828-1901), выхаванец магілёўскай гімназіі Міхал Чарняеў (1828-1898).

1908 год. Нарадзілася фраза “Галоўнае – не перамога, а ўдзел”.

Падчас IV летняй Алімпіяды ў Лондане біскуп Пенсільваніі Этэльберт Талбот на службе ў саборы святога Паўла вымавіў вядомую фразу “Галоўнае – не перамога, а ўдзел” у сувязі з трагедыяй італьянскага бягуна Пьетры Дорандо.

Пьетры мэтанакіравана рыхтаваўся да марафону, разлічваючы на перамогу. Марафонскі забег праходзіў у вельмі спякотны дзень, прычым старт яго быў дадзены ў самае пекла – у 14:30.

Пьетры пачаў не вельмі хутка, паступова абганяючы канкурэнтаў. Да 32-га кіламетра ён выйшаў на другое месца, на 39-м “зламаўся” ранейшы лідэр, і паміж італьянцам і залатым медалём заставалася ўсяго 3 км дыстанцыі.

Далей разгулялася адна з найвялікшых драм у гісторыі спорту. Канчаткова знясілены Пьетры дабег да стадыёна, дзе яго віталі 75 000 гледачоў. Яму заставалася да фінішу некалькі сотняў метраў, але спартовец страціў арыентацыю і пабег не ў той бок. Калі суддзям удалося растлумачыць гэта атлету, той паспрабаваў разгарнуцца, але ўпаў. Падняцца яму ўдалося толькі пры дапамозе суддзяў, але ён працягнуў бег. Далейшае ўжо было падобным на гладыятарскія баі – на апошніх 200 м дыстанцыі Пьетры падаў 4 разы, паднімаўся з дапамогай суддзяў, але ўсё ж перасёк лінію фінішу.

Узрушаны Артур Конан Дойл, які працаваў на Гульнях рэпарцёрам, напісаў: “Найвялікшыя намаганні італьянца ніколі не будуць выкрэслены з гісторыі спорту незалежна ад рашэння суддзяў”.

Дэлегацыя ЗША заявіла пратэст і пераможцам быў прызнаны амерыканец Джоні Хейс, які прыйшоў другім. Праз 10 дзён адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння прызоў. Уручаць прызы павінен быў кароль Эдуард, але, раззлаваны паводзінамі амерыканскіх спартоўцаў, ён адмовіўся ўдзельнічаць у гэтым мерапрыемстве. Замест яго ўзнагароды ўручала ягоная жонка Аляксандра.

Каралева Аляксандра заказала для італьянца спецыяльны залаты кубак.

Лонданская трагедыя зрабіла Пьетры неверагодна папулярным. На працягу наступных 3 гадоў ён удзельнічаў у марафонскіх забегах у розных краінах свету.

1915 год. Нарадзіўся Антон Шукелойць (1915-2017).

Беларускі грамадскі дзеяч у ЗША, этнограф, педагог.

Скончыў Універсітэт С. Баторыя. Ва ўніверсітэце працаваў у этнаграфічным музеі, часта выязджаў для збору матэрыялаў у розныя мясціны Беларусі, быў сябрам розных беларускіх студэнцкіх арганізацый, спяваў у беларускім студэнцкім хоры пад кіраўніцтвам Рыгора Шырмы.

Працаваў настаўнікам на Ашмяншчыне, арганізаваў у Ашмянах першую беларускую сярэднюю школу, настаўніцкія курсы і каля 90 беларускіх школ на тэрыторыі былога Ашмянскага павета, быў загадчыкам гараддзела народнай асветы і школьным інспектарам-метадыстам.

23 чэрвеня 1941 года арыштаваны НКУС, вызваліўся ў выніку налёту нямецкай авіяцыі.

З 1944 года – у Германіі: адшукваў сляды беларускіх музейных каштоўнасцей.

У пачатку 1950-x гадоў пераехаў у ЗША. Старшыня Беларуска-Амерыканскага задзіночання, член рэдакцыі газеты «Беларус», член Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.

1927 год. Нарадзіўся Міхась Саўка (1927-1990).

Беларускі і бельгійскі мастак-рэстаўратар. Доктар навук і мастацтва.

У 1944 годзе выехаў у Германію, у 1947 – у Бельгію, дзе вучыўся ў Мастацкай акадэміі, Лювенскім ўніверсітэце, быў членам Згуртавання беларускіх студэнтаў.

Працаваў у Каралеўскім інстытуце мастацкай спадчыны, рэстаўратарам абразоў і скульптур, спецыялізаваўся на рэстаўрацыі касцельных фрэсак.

Як практык, праводзіў з каралевай Бельгіі заняткі па маляванню.

Распрацаваў спецыяльную тэхніку рэстаўравання, пра якую пісаў у прафесійных часопісах. Асобна выдаў працы «Фіксацыя насценнага жывапісу полівінілавым спіртам: вопыт рэстаўратара», «Рэстаўрацыя насценнага пахавальнага жывапісу XIV ст. у склепе Варнятонскай царквы» і іншыя.

Памёр у Бруселі 10 верасня 1990 года. Пахаваны на могілках у Лондане побач з трагічна загінуўшым раней сынам Маркам.

1941 год. Апошні бой батальёна капітана К. Уладзімірава ў в.Гаі Магілёўскага раёна.

Зводны трохротны міліцэйскі батальён (міліцыянты, курсанты Мінскай, Гродзенскай школ міліцыі, Магілёўскай школы НКДБ) трымаў абарону з 13 ліпеня пад бесперапыннымі артылерыйскімі абстрэламі і бамбардзіроўкамі фашысцкай авіяцыі.

Падраздзяленне было спехам сфарміравана і слаба ўзброена, але яго байцы стаялі да смерці.

18 ліпеня Канстанцін Уладзіміраў быў забіты разрывам варожага снарада.

Пасля шасці дзён баёў у жывых з 250 міліцыянераў засталося ўсяго 19 чалавек.

1949 год.  Амерыканскі ваенны самалёт, які рабіў аэрафотаздымку тэрыторыі Турцыі, сфатаграфаваў на гары Арарат дзіўны аб’ект – “Арарацкая анамалія”. 

Анамалія ўяўляе сабой прадмет дзіўнай формы на вышыні каля 4725 м над узроўнем мора і каля 183 м у даўжыню. Пасля 1949 года анамалію фатаграфавалі ў 1973 годзе – амерыканскі спадарожнік-шпіён Keyhole-9 і ў 1976 годзе – разведвальны спадарожнік Keyhole-11. 

Мяркуюць, што “Арарацкая анамалія” – парэшткі легендарнага Ноева каўчэга, які, паводле Бібліі (Ветхі Завет), прычаліў да гары Арарат па завяршэнні Сусветнага Патопу.

У апошні час з’явілася таксама версія, што каўчэг прычаліў у гарах на тэрыторыі сучаснай Чачні. Чачэнцы называюць сябя «нохчо» – «людзі», «людзі народа Ноя».

1957 год. Памёр Мікола Засім (1908-1957).

Беларускі паэт, журналіст.

Удзельнік рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, партызан. Працаваў у брэсцкіх газетах «Зара», “Зара над Бугам”, кіраваў абласным літаб’яднаннем.

Друкаваўся ў шэрагу газет і часопісаў, аўтар 5 зборнікаў паэзіі.

1980 год. У Маскве, у “Лужніках”, адкрыліся XXII летнія Алімпійскія гульні (19 ліпеня-3 жніўня).

Іх з прычыны ўводу войск СССР у Афганістан байкатавалі 30 са 111 краін-удзельніц.

Спаборніцтвы праводзіліся і ў Мінску (6 папярэдніх і чвэрцьфінальны матчы па футболу). У Мінску да Гульняў былі пабудаваны алімпійская вёска на р. Свіслач, гатэль “Планета”, мадэрнізаваны аўтадарога-«алімпійка» Масква-Брэст, чыгунка, гарадская інфраструктура.

20 ліпеня 1980 года трохразовы алімпійскі чэмпіён А. Мядведзь у моцны дождж запаліў агонь Гульняў на мінскім “Дынама” (50 067 месцаў, кошт квіткоў ад 0,90 да 2,20 тагачасных рублёў). Са 195 медалеў зборнай СССР, 31 заваявалі беларусы.

2010 год. Памёр Ігар Дабралюбаў (1933-2010).

Беларускі рэжысёр, сцэнарыст, акцёр. Народны артыст БССР. Працаваў на «Беларусьфільме». Рэжысёр шмалікіх фільмаў, у тым ліку «Іван Макаравіч», «Па сакрэту ўсяму свету», «Дзіўныя прыгоды Дзяніса Караблёва», «Белыя росы», «Плач перапёлкі».

2021 год. У в. Красніца адкрыты памятны знак “Спаленым вёскам Быхаўскага раёна”.

Красніцу разам з мірным насельніцтвам дашчэнту спалілі нямецка-фашысцкія карнікі 17 ліпеня 1942 года. У агні тады жыўцом загінула 857 чалавек. У асноўным старыя, жанчыны і дзеці.

Трагедыя адлюстравана ў кнізе пісьменніка Авідыя Гарчакова «Попел Красніцы» («Аповесць пра вогненнае сяло»).

У Антарктыдзе пачаў дрэйф найбуйнейшы ў свеце айсберг, ён памерам з 12 Мінскаў

Самы буйны на планеце айсберг А23а, які сеў на мелізну 30 гадоў таму, пачаў актыўны дрэйф з хуткасцю звыш 150 кіламетраў у месяц уздоўж Антарктыды – паведамляе прэс-служба Арктычнага і Антарктычнага навукова-даследчага інстытута Расійскай акадэміі навук.

Спецыялісты інстытута  назіраюць за ходам руху айсберга. У цяперашні час ён  рухаецца па моры Уэдэла ўздоўж берагоў Антарктыды – гаворыцца ў паведамленні.

Айсбергі ўяўляюць патэнцыйную небяспеку для судоў, таму навукоўцы стала сочаць за іх перасоўваннем.

Паводле наменклатуры Нацыянальнага лядовага цэнтра ЗША, айсберг А23а – найбуйнейшы ў свеце. Яго плошча складае каля 4,17 тысячы квадратных кіламетраў, што ў 12 разоў перавышае плошчу двухмільённай беларускай сталіцы.

У верасні 1986 года адбыўся адкол знешняга краю шэльфавага ледніка Фільхнера. 

У месцы адколу ўтварыліся тры гіганцкія айсбергі.

Пазней найбуйнейшы з айсбергаў сеў на мель паблізу паўднёвай ускраіны падводнай банкі Беркнера, якая размешчаецца ў паўднёвай частцы мора Уэдэла, тым самым фактычна ператварыўшыся ў ледзяны востраў на доўгія дзесяцігоддзі.

Найбліжэйшая будучыня айсберга А23а залежыць ад шматлікіх фактараў: уздзеянне плыняў, выступаў падводнага рэльефу, метэаралагічных фактараў, але ў канчатковым выніку дні жыцця айсберга палічаныя – ён будзе вынесены на “чыстую ваду”, верагодней за ўсё, ужо ў гэтым годзе.

Фота з адкрытых крыніц.

Дырэктар лагістычнай арганізацыі падмануў перавозчыкаў – УУС

Да праваахоўнікаў звярнуліся некалькі ашуканых грузаперавозчыкаў, якія заявілі, што іх ашуквае дырэктар лагістычнай фірмы ў Мінскім раёне, сістэматычна не разлічваецца за аказаныя паслугі – паведамляе прэс-служба УУС Магілёўскага аблвыканкама.

Аператыўнікі аддзела барацьбы з эканамічнай злачыннасцю Бабруйскага ГУУС высветлілі, што 34-гадовы кіраўнік фірмы, са студзеня па верасень 2022 года, ведаючы аб стратнай дзейнасці і немагчымасці ў поўным аб’ёме разлічыцца па сваіх абавязацельствах, працягнваў арганізацыю дастаўкі грузаў.

Пры гэтым грашовыя сродкі, што атрымліваліся ад замоўцаў лагістычных паслуг, расходаваліся ім на розныя выплаты. У выніку запазычанасць грузаперавозчыкам склала больш за 417 000 рублёў.

Узбуджана крымінальная справа па факце прычынення маёмаснай шкоды.

Фота носіць ілюстрацыйны характар, з адкрытых крыніц.

Беларускі пашпарт на 64-м месцы, а самы “моцны” – сінгапурскі

Пашпарт грамадзяніна Сінгапура ўпершыню ўзначаліў глабальны рэйтынг пашпартоў свету Henley Passport Index. Па ім можна без візы наведаць 192 краіны з 227. Рэйтынг заснаваны на эксклюзіўных дадзеных Міжнароднай асацыяцыі паветранага транспарта (IATA) – паведамляе smartpress.by.

Раней на працягу 5 гадоў, у 2018-2022, гэты рэйтынг узначальваў пашпарт грамадзяніна Японіі.

 

У лік лідэраў таксама увайшлі пашпарты ФРГ, Італіі і Іспаніі (па іх можна без візы наведаць 190 краін), Аўстрыі, Фінляндыі, Францыі, Японіі, Люксембурга, Рэспублікі Карэя і Швецыі (189 краін).

Па пашпарце Польшчы можна заехаць без візы ў 186 краін, Літвы і ЗША – у 184 краіны. Пашпарт грамадзяніна Украіны ўваходзіць у топ-30 (дае права на бязвізавы ўезд у 146 краін), расійскі – толькі на 49-м месцы (115 краін).

Па пашпарце грамадзяніна Беларусі можна без візы наведаць толькі 79 краін з 227 і па гэтым паказчыку дакумент дзеліць 64-е месца з Лесота і Тайландам.

Самымі “слабымі” прызнаны пашпарты Сірыі (30 краін), Ірака (29) і Афганістана (27). Усяго ў рэйтынгу ўлічаны пашпарты 199 краін і тэрыторый.

Фота з адкрытых крыніц.

У Еўропе прагназуецца да +50°С – ідзе Харон

Bloomberg папярэдзіў аб спякоце да +50°С у Еўропе з-за «цеплавога выбуху». Сучасны тэмпературны рэкорд у Еўропе +48°С быў зафіксаваны ў 2021 годзе на Сіцыліі, аднак ужо ў бліжэйшы час ён можа быць пабіты з-за «цеплавога выбуху» у Сахары – піша Bloomberg.

З-за «цеплавога выбуху» ў Сахары спякота ў паўднёвых дзяржавах Еўропы ў бліжэйшыя дні ўзмоцніцца. Менавіта з Паўночнай Афрыкі ідзе новая хваля цяпла Харон (міфічны перавозчык душ нябожчыкаў у падземнае царства), якая здольная аднавіць еўрапейскі рэкорд спякоты.

Зараз незвычайная спякота захоўваецца ў Афінах, Рыме і Мадрыдзе. Улады паўднёваеўрапейскіх краін ужо пачалі папярэджваць жыхароў аб магчымых пажарах і парушэннях у транспартнай і энергетычнай інфраструктурах з-за спякоты.

Акрамя краін Паўднёвай Еўропы, спякота будзе ўзмацняцца і ў цэнтральнай Еўропе – яшчэ 16 ліпеня ўлады Германіі папярэджвалі, што ва ўсходніх і паўднёвых рэгіёнах краіны тэмпература ў бліжэйшыя дні можа падняцца да +38°С. 

Таксама экстрэмальна высокія тэмпературы захоўваюцца ў Паўночнай Амерыцы, у прыватнасці ў Канадзе і ЗША.

Бягучым летам рэкордна высокія тэмпературы фіксуюцца па ўсім свеце. У ліпені, напрыклад, ужо тройчы былі пабіты гістарычныя максімумы па сярэдняй тэмпературы на планеце (яна складала +14,5°С). Так, 3 ліпеня паказчык дасягнуў +17°С, на наступны дзень +17,18°С, 7 ліпеня  +17,23°С.

Пацяпленне сёлета звязана ў тым ліку і з ціхаакіянскім цячэннем Эль-Ніньё.

Фота з адкрытых крыніц.

Студэнтам сельскагаспадарчай акадэміі можна стаць без уступных экзаменаў – ідзе дадатковы набор

З 17 па 27 ліпеня акадэмія праводзіць дадатковы набор на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці для тых, хто жадае заключыць мэтавую дамову.

У такіх абітурыентаў будзе магчымасць стаць студэнтамі наогул без здачы ўступных іспытаў або без прадастаўлення сертыфікатаў па хоць якіх-небудзь навучальных дысцыплінах – паведамляе сайт Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі.

У гэтым выпадку хлопцы або дзяўчаты змогуць атрымліваць гарантаваную штомесячную даплату да стыпендыі пры ўмове своечасовай здачы ўніверсітэцкіх іспытаў.

Відавочна, што такі дадатковы набор паказвае незапатрабавальнасць шэрагу прафесій сельскагаспадарчай акадэміі, а таксама негатыўнае стаўленне вялікай колькасці маладых людзей да мэтавай дамовы, згодна якой выпускніка непазбежна чакае двухгадовая адпрацоўка.

Фота з адкрытых крыніц