Самы дарагі аўтамабіль, які прадаецца на Магілёўшчыне – гэта Mersedes S-класа «Maybach» з рэстайлінгам, 4-літровым бензінавым рухавіком 2018 года. За ластаўку просяць 275 000 долараў.
За аўто з шыкоўным скураным салонам і падагрэвам сядзенняў уладальніку прыйдзецца нямала плаціць не толькі падчас пакупкі, але і падчас усёй эксплуатацыі – расход паліва па горадзе сягае 25-28 літраў, а запчасткі для аўто падыходзяць толькі арыгінальныя. Аналагаў проста не існуе.
Другі і трэці радкі па кошце на аўто ў Магілёўскай вобласці займаюць Toyota Land Crusier J300 і BMW X6M F96, за якія просяць больш за 190 000 долараў. Першае аўто мае ўсяго адзін год прабегу, другое – два.
Абодва – пяцідзверныя пазашляховікі. Лэнд Крузер, праўда, чакае свайго магілёўскага пакупніка аж у Казахстане – тыповая з’ява, калі аб’яву пра дарагое аўто ўласнікі ікнуцца размясціць на ўсіх рэгіянальных пляцоўках.
Таёты Лэнд Крузеры і BMW упэўнена займаюць першыя радкі самых дарагіх машын, што прадаюцца на Магілёўшчыне, у цэнавым дыяпазоне звыш 100 000 даляраў. Далей да іх далучаюцца Nissan, Мерседэсы, Фольксвагены і Лексусы. Самы дарагі электрамабіль у шэрагу топ-15, гэта, натуральна, Tesla. Мадэль Y 2021 года за 77 000$. І прадаецца ён, як бачна па фота, ужо з зімы.
Да рэдкіх для Магілёўшчыны сярод дарагіх аўто можна далучыць Lincoln Corsair, Genesis, Acura. Яны ўваходзяць у топ-100 па вартасці сярод б\у машын на продаж і знаходзяцца ў дыяпазоне 40 – 50 тысяч долараў.
Ёсць у продажы і рэтрамабілі. Так, за ГАЗ М20 «Победа» гаспадар просіць 19 000 $.
Іншую «Победу» можна набыць у Магілёве і танней – усяго за 5 900$, але і агульны стан у аўтамабіля трохі горшы. Хоць яна цалкам на хаду – запэўнівае прадавец.
У Бабруйску на продаж і абмен выстаўлены яшчэ два рарытэтных аўтамабіля. Opel Olympia 1938 года, аднак, не на хаду і патрабуе аднаўлення. Кошт за машыну дамоўны, але далёка не «пяцьсот баксаў» – паведамляе прадавец. Гэта, бадай, самая старая машына з тых, што можна сустрэць на рэгіянальным рынку. Бліжэйшыя па ўзросце – Масквічы 1950-х гадоў, якія прадаюцца таксама пераважна не на хаду.
Шыкоўны і рарытэтны, адрэстаўраваны Mersedes Benz W110 (выпускаўся з 1961 па 1968 гады) наогул не прадаецца – яго гаспадар гатовы толькі абмяняць толькі на нейкі іншы незавершаны і цікавы праект, напрыклад, на Mersedes 300sl – першы пасляваенны спартыўны Mersedes.