костел Княжицы

Касцёл у Княжыцах тэрмінова патрабуе супрацьаварыйных прац

Працы па кансервацыі будынка касцёла ў Княжыцах, на які ўлады прасілі грошы ў насельніцтва, дагэтуль не пачаліся.

Касцёл Святога Мікалая ў Княжыцах, што непадалёк ад Магілёва, працягвае разбурацца. Нягледзячы на абвешчаны яшчэ летась збор ахвяраванняў на яго выратаванне, пра пачатак супрацьаварыйных работ дагэтуль нічога не вядома.

Пра стан гістарычнага будынка нагадалі турысты, якія апублікавалі ў сацыяльных сетках новыя фотаздымкі і відэа закінутага храма. На іх добра бачна, што помнік працягвае губляць свае канструкцыі і патрабуе неадкладнага ўмяшання спецыялістаў, піша выданне Katolik.life.

Касцёл у Княжыцах мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці. Гэта азначае, што адказнасць за яго захаванне нясе дзяржава.

Аднак на працягу многіх гадоў сродкаў на кансервацыю і рамонт будынка не знаходзілася. У канцы 2025 года Магілёўскі райвыканкам нават звярнуўся па дапамогу да грамадзян, абвясціўшы збор ахвяраванняў на правядзенне супрацьаварыйных і кансервацыйных работ.

З таго часу мінула больш за паўгода. Ні сума сабраных сродкаў, ні тэрміны пачатку работ публічна не агучваліся а касцёл працягвае разбурацца пад уздзеяннем дажджоў, ветру і часу. І пакуль чыноўнікі маўчаць пра лёс праекта, адзін з самых адметных архітэктурных помнікаў Магілёўскага раёна ўсё бліжэй набліжаецца да мяжы, пасля якой ратаваць ужо будзе няма чаго.

Варта нагадаць, што яшчэ ў 2015 годзе касьцёл уключылі ў дзяржаўную праграму «Культура Беларусі» на 2016–2020 гады. Планавалася выдзеліць каля 370 тыс. рублёў на яго рэстаўрацыю. Аднак у выніку – ні капейкі. Будынак пакінулі без рамонту і нават без належнай кансервацыі.

Вось такое стаўленне сучасных беларускіх улад да гісторыка-культурнай спадчыны народа.

Фотаздымак: katolik.life

← Усе навіны Магілёва